Панядзелак, 20 Май 2019

“Называе сябе Аляксандар Круткін, носіць акуляры”. Як полацкая міліцыя лавіла актывіста

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Алесь Круткін Алесь Круткін

Полацкі актывіст Алесь Круткін быў затрыманы 20 красавіка, правёў двое сутак у ізалятары і быў аштрафаваны на 15 базавых велічынь за заклік у інтэрнэце памаліцца 15 красавіка за Курапаты. Да затрыманьня пра ягоны лёс цягам некалькіх дзён не было аніякай інфармацыі, а міліцыя доўга не магла выйсьці на ягоны сьлед...

Каб разабрацца ў гэтай амаль дэтэктыўнай гісторыі, карэспандэнт “ВВ” сустрэўся з актывістам і даведаўся пра некаторыя цікавыя падрабязнасьці.

Падшылі рапарты да справы

ВВ: – Скажыце, як вас усё ж такі ўдалося затрымаць?

– Я быў у падпольлі 6 дзён, у розных гарадах, стараўся не ўключаць мабільны, каб мяне не маглі вылічыць. Рабіў невялікія хітрыя правакацыі: напрыклад, на мой нумар дасылалі эсэмэску з фэйкавай кватэры, каб праверыць, ці прыйдуць яны туды. Прыходзілі. І ў рапарце гэта фіксавалі.

Ведаеце, напэўна, упершыню ў гісторыі Беларусі міліцыянты ўсе рапарты – а гэта больш за 50 старонак – падшылі да судовай справы. Хутчэй за ўсё – зь недасьведчанасьці. І я ўсе гэтыя дакумэнты маю. Нават, арыентоўку на сябе, з фотаздымкамі. Там напісана: “называе сябе Александар Круткін, носіць акуляры, пры выкрыцьці “затрымаць” і даставіць у РАУС. Па маіх падліках, калі ўзяць усе прозьвішчы ў рапартах, то  атрымаецца, што каля 100 міліцыянтаў цягам 6 сутак былі задзейнічаныя ў апэрацыі па маім затрыманьні…

ВВ: – Але ж у выніку вас узялі чыста выпадкова?  

– Так, на аўтадарозе. Я ехаў аўтаспынам да Брэсту, і з патрульнай машыны мяне пазналі, прымусілі сесьці ў машыну… Само затрыманьне было небрутальнае, яны разумелі, што справа палітычная. Ведаеце, калі б я не паехаў у Брэст, яны б мяне і праз тыдзень не злавілі. Але якая розьніца: сядзець у падпольлі альбо на сутках? Калі ты нічога не будзеш рабіць, то розьніцы няма.

А да гэтага – апыталі ўсю вёску, усіх суседзяў, бацькоў. У доме зрабілі ператрус, у склепе ў першы дзень восем міліцыянтаў і кэдэбістаў корпаліся. Абышлі ўсе прысядзібныя будынкі. На вакзале шукалі. З рапарту міліцыянта: “Падчас маёй варты на вакзале Аляксандар Круткін на цягнік ня сеў. Проста напачатку яны ня ведалі, што я аўтаспынам паеду.

Людзі пісалі даносы

ВВ: –  Ці былі якія правакацыі ў ізалятары?

– Правакацыяў не было, але людзі, якія сядзелі разам са мной, пісалі даносы. Я ўжо гэта потым пабачыў, даносы таксама былі прышытыя да справы. Інфармацыя кшталту, што “ён бываў у Польшчы, асуджаў уладу, а калі зайшоў начальнік РАУС, то сказаў яму, што будзе займацца апазыцыйнай дзейнасьцю, пакуль замест яго ня будзе сядзець Лукашэнка”. У рапарце палкоўніка Казарана гэта ёсьць…

ВВ: – А як думаеце, чаму палкоўнік Казаран падшыў гэта ўсё да справы? Можа, гэта яго палітычная пазыцыя і ён такім чынам выказваў нейкую нязгоду з палітыкай прэзыдэнта?..

– Я думаю, што яны ня будуць рызыкаваць такім чынам пэнсіяй і кар'ерай. Я думаю, гэта проста галавацяпства.

Яны, можа, думалі, што калі гэта вось падшыюць, то судзьдзя дасьць мне больш. Кшталту, а вось гэтаму ворагу трэба ўсунуць сутак 25 альбо штрафу 50 базавых. Міліцыянт гэта напісаў для начальства. Але дзіўна, што прыклаў гэта да судовай справы.

Размаўляў Уладзімер Бяляўскі