Панядзелак, 02 Снежань 2019

Блогера «Шэрага Ката» аштрафавалі на 510 рублёў – за відэаролік на YouTube

Ацаніць гэты матэрыял
(8 галасоў)
Дзьмітрый Казлоў у атачэньні міліцыянтаў Дзьмітрый Казлоў у атачэньні міліцыянтаў

У Воршы 2 сьнежня судзілі блогера Дзьмітрыя Казлова, вядомага як «Шэры Кот». Яго вінавацілі ў парушэньне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў (ч.1 арт.23.34). Судзьдзя суду Аршанскага раёну Кацярына Мажэйка палічыла віну даказанай і пакарала актывіста штрафам у памеры 20 базавых велічынь.

Дзьмітрыя Казлова затрымалі 30 лістапада ў Аршанскім РАУС, куды яго выклікалі позвай «у якасьці ўдзельніка адміністрацыйнага працэсу». Справу распачалі за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў (ч.1 арт.23.34).

Двое сутак да суду «Шэры Кот» правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. На суд актывіста суправаджалі 8 супрацоўнікаў міліцыі.

Паводле пратаколу, Дзьмітрый Казлоў парушыў заканадаўства, разьмясьціўшы 12 лістапада на сваім youtube-канале відэаролік «Сустрэнемся на Кастрычніцкай плошчы». Нібыта ў гэтым роліку «ўтрымліваўся публічны заклік да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі», якая павінна была прайсьці 15 лістапада.

На судзе актывіст патлумачыў, што ня ведаў пра тое, ці была тая акцыя санкцыянаванай, і разглядаў яе як перадвыбарчы пікет кампаніі «Эўрапейская Беларусь». Па словах блогера, мэтай было «зрабіць сустрэчу падпісчыкаў групы «Эўрапейская Беларусь».

Суд доўжыўся ня больш за 30 хвілін. Судзьдзя Кацярына Мажэйка зачытала пратаколы, рапарты ды іншыя матэрыялы справы, прадэманстравала відэаролік, сьведак не было. У выніку – палічыла віну Дзьмітрыя Казлова даказанай і пакарала яго штрафам у памеры 20 базавых велічынь (510 рублёў).

Плякат "Свабоду Шэраму Кату" на ўваходзе ў судовую залю

Нагадаем, Дзьмітрый Казлоў на мінулых выбарах быў зарэгістраваны ў якасьці кандыдата ў дэпутаты па Аршанскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 25. Вельмі актыўна ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі – зьбіраў подпісы, рабіў стрымы з пікетаў, езьдзіў у Менск на перадвыбарчыя акцыі іншых кандыдатаў. Яго перадвыбарчы зварот да выбаршчыкаў ня пусьціла эфір віцебскае тэлебачаньне. На самым фінішы «Шэры кот»зусім быў зьняты з гонкі. Акруговая выбарчая камісія анулявала рэгістрацыю за агітацыйны плякат «Фальшывым выбарах – Баста!».

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.