Пратакол вярнулі, бо ў ім не было ўцямна сказана, як менавіта журналістка парушыла заканадаўства, пакінуўшы ў сацыяльнай сетцы каментары наконт візіту ў Полацк патрыярха Кірыла. Напярэдадні ягонага прыезду ў кватэры Палынскіх быў праведзены ператрус, міліцыянты забралі кампутар і мабільны тэлефон Ціны Палынскай.
Журналістка знішчыла свой допіс пра Патрыярха Кірыла, аднак мяркуе, што падставамі для абвінавачання могуць стацца і іншыя яе публікацыі ў сацыяльных сетках.
Спасылаючыся на СК, яна паведаміла, што змест выказванняў пра кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі аналізавала адмысловая лінгвістычная экспертыза. Але да якіх высноваў прыйшлі эксперты, ёй невядома. Кампутар і тэлефон, забраныя 4 чэрвеня, ёй дагэтуль не вярнулі. Ціна Палынская чакае або позвы ў суд на новую дату, або спавяшчэння пра тое, што адміністрацыйную справу супраць яе скасавалі, ці паведамлення пра пачатак ужо крымінальнай справы.
Цяпер Ціна Палынская выплачвае штраф, прысуджаны ёй 7-га чэрвеня за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне. Яе абвінавацілі за тое, што выйшла ў горад з жоўтымі і сінімі стужкамі на сумцы і на фотаапараце. Сума штрафу – 3 200 беларускіх рублёў, але журналістка не стала абскарджваць рашэнне суду, каб не падвяргаць рызыцы сябе і сваю сям’ю ў перспектыве наступнага судовага разбіральніцтва.
Эмілія Протас