Аўторак, 26 Ліпень 2022

Жыхарку Наваполацку аштрафавалі за рэпост, зроблены ў 2018 годзе

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У Наваполацкім гарадскім судзе адбыўся працэс над Кацярынай Вінакуравай, якую прызналі вінаватай паводле артыкула 19.11 КаАП. Маладую жанчыну аштрафавалі за рэпост артыкула пра смерць паэта і мастака Міхала Анемпадыстава, які сышоў у лепшы свет у 2018 годзе. Пра гэта шырока паведамлялася ў незалежным друку, і жыхарка Наваполацку тады ж зрабіла рэпост з аднаго з найстарэйшых беларускіх выданняў, якое праз некалькі год прызналі экстрэмісцкім.

Паводле Кацярыны Вінакуравай, 11ліпеня да яе дадому прыйшлі міліцыянты і запатрабавалі, каб яна разам з імі паехала ў пастарунак для складання пратаколу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Кацярына адмовілася, бо гадуе грудное дзіця, і тады аднаго міліцыянта пакінулі яе «вартаваць», а астатнія паехалі на працу, каб прывезці паперы.

Жанчына вельмі здзівілася, даведаўшыся, за што яе вінавацяць. На яе думку, цяпер міліцыянты вельмі старанна праглядаюць старонкі актывістаў у сацыяльных сетках, шукаючы прыкметаў або «незаконнага пікетавання», калі ў чалавека на аватарцы, да прыкладу, украінскі сцяг, або вось такіх, хай сабе і даўніх, рэпостаў з незалежных СМІ, абвешчаных «экстрэмісцкімі».

Прызнаўшы Кацярыну Вінакураву вінаватай, суд аштрафаваў яе на 25 базавых велічынь (800 рублёў). Ад арышту жанчыну ўратавала толькі наяўнасць малога дзіцяці, бо за падобныя правапарушэнні на Полаччыне апошнім часам караюць суткамі зняволення, як гэта было з удзельніцай гурту «Варган» Ксеніяй Глот або наваполацкім грамадскім актывістам Андрэем Галавырыным ці «нафтанаўцам» Сяргеем Бадуновым.

Міхась Хмара