Усе трое падвергнутыя адміністрацыйным спагнаньням нібыта за парушэньне імі правілаў добраўпарадкаваньня і захаваньня населеных пунктаў паводле часткі 2 артыкулу 21.14 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Пастановы аб накладаньні штрафаў вынес начальнік аддзелу ўнутраных спраў Наваполацкага гарвыканкаму палкоўнік міліцыі Дзьмітры Разянкоў.
Падвергнуты штрафу за сьцяг першым, Дзьмітры Дзякаў, абураецца тым, што апроч яго самога пакаралі ягоных сяброў: «Яны атрымалі штрафы толькі за тое, што выйшлі з інтэрнату амаль у той самы час, што і я, і знаходзіліся са мною ў момант затрыманьня. Начальнік аддзелу ўнутраных спраў з гэтага зрабіў выснову, што яны супольна са мной разьмясьцілі плякат, і палічыў, што гэтага дастаткова, каб накласьці на іх адміністрацыйнае спагнаньне».
Імаверна, спачатку ў міліцыі хацелі абмежавацца пакараньнем толькі Дзякава. Бо ў першай па часе пастанове аб накладаньні штрафу пазначалася, што менавіта ён разьмясьціў на агароджы гарадзкога сквэру плякат бел-чырвона-белага колеру. У пастановах, вынесеных пазьней, фармулёўка была зьмененая, і палкоўнік міліцыі Разянкоў запісаў, што ў зьдзяйсьненьні «правапарушэньня» разам удзельнічалі трое маладзёнаў.
Чым кіраваўся наваполацкі міліцэйскі начальнік, прызначаючы розныя пакараньні за адно і тое ж правапарушэньне, не зразумела. Тым больш выклікае зьдзіўленьне розьніца ў памерах штрафаў, калі зважыць на тое, што Яўген Бялянка, які атрымаў штраф у памеры 10 базавых велічынь, сваёй віны ў зьдзяйсьненьні правапарушэньня не прызнаў, у той час як Дзьмітры Дзякаў (20 б.в.), згодна з пастановай, віну прызнаў.