Субота, 27 Май 2023

Студэнты ПДУ пра арыштаваных выкладчыкаў: «Некаторых ужо звольнілі «заднім чыслом»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
На фота - выкладчык фізкультуры Сяргей Рыкун На фота - выкладчык фізкультуры Сяргей Рыкун

Паводле студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту, ім ніхто не тлумачыць, з якой прычыны адмяняюцца заняткі. Навучэнцам самім давялося шукаць выкладчыка фізкультуры Сяргея Рыкуна, які ў прызначаны час не з“явіўся на кафедры фізічнага выхавання. Урэшце маладым людзям паведамілі, што «Сяргей Пятровіч звольніўся». Адначасова па ВНУ прайшла інфармацыя, што малады выкладчык асуджаны на 15 сутак разам з некаторымі іншымі калегамі.

На 15 сутак асуджаныя таксама Сяргей Глазырын, дацэнт кафедры канстытуцыйнага права і дзяржаўнага кіравання, і дацэнт кафедры гісторыі і турызму Віктар Чараўко. 10 сутак арышту маюць адбыць выкладчыца кафедры сусветнай літаратуры і замежных моваў Алена Храмцова і дацэнтка кафедры геадэзіі і геаінфармацыйных сістэм Галіна Шараглазава. Пералік затрыманых і асуджаных выкладчыкаў пакуль не поўны, іх колькасць пасля аблавы ў ПДУ 23 і 24 траўня можа сягаць да 15 чалавек.

Невядомыя і лёсы тых, хто цяпер знаходзіцца на «сутках»: ёсць верагоднасць, што да выкладчыцкай дзейнасці яны ўжо не вернуцца. Падобныя выпадкі ўжо былі: праз тое, што трапілі пад арышты падчас паслявыбарчых падзеяў 2020г., або праз тое, што не сталі хаваць сваёй грамадскай пазіцыі, з ПДУ былі вымушаны сысці дацэнт, кандыдат гістарычных навук Віктар Якубаў, старшы выкладчык кафедры архітэктуры і кіраўнік аддзелу дызайну і кіравання брэндам ПДУ Андрэй Вярыга, доктар гістарычных навук, этнограф Уладзімір Лобач.

Адміністрацыя навучальнай установы папярэдзіла студэнтаў пра недапушчальнасць каментароў пра падзеі ва ўніверсітэце, аднак мададыя людзі абмяркоўваюць затрыманні выкладчыкаў паміж сабой – гэтага забараніць рэктарат не можа.

Міхась Хмара