Панядзелак, 24 Ліпень 2023

Жыхара Коханава за пікет у сацсетках улады пакаралі буйным штрафам

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Талачынскага раёна Наталля Барысавец за правядзенне не дазволенага ўладамі пікетавання ў сацыяльных сетках аштрафавала на 2590 рублёў электраманцёра Віталя Шалупіна.

Пры судовым разглядзе суддзя Барысавец прыняла версію міліцыі, адлюстраваную ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні. У пратаколе было зафіксавана, што «правапарушальнік» у парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, з мэтай выказвання сваіх асабістых поглядаў на падзеі грамадска-палітычнага жыцця, ажыццявіў пікетаванне без адпаведнага дазволу Талачынскага райвыканкама.

Пікетаванне выявілася ў тым, што Шалупін у сацыяльнай сетцы "Facebook" размясціў выяву бел-чырвона-белых палос.

Наяўнасць гэтага факта суддзя Барысавец палічыла дастатковай для таго, каб аштрафаваць мужчыну па ч. 1 арт. 24.23 ч.1 КаАП на суму 2590 рублёў.

Ілля Тугарын