У сваіх заяўках сябры КХП-БНФ просяць улады наўпрост кіравацца Законам «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», а не рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму № 881 ад 10 ліпеня 2009 году, якое, на думку заяўнікаў, не адпавядае Канстытуцыі, пазбаўляючы грамадзян магчымасьці рэалізоўваць сваё права на публічнае выказваньне думак і права на мірныя сходы.
Рашэньне № 881 патрабуе ад арганізатараў акцыяў, што ладзяцца без удзелу дзяржавы, далучаць да заявак на іх правядзеньне дамовы на абслугоўваньне гэтых акцыяў зь міліцыяй, паліклінікай і службай ЖКГ. З моманту прыняцьця рашэньня заключыць усе неабходныя дамовы не ўдалося яшчэ нікому з прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці. Невыкананьне згаданага рашэньня – асноўная фармальная прычына, па якой улады зазвычай забараняюць масавыя мерапрыемствы ў Віцебску.