Гэткім чынам віцебскія актывісты ў чарговы раз нагадалі грамадзкасьці пра неабходнасьць найхутчэйшага вырашэньня праблемы афіцыйнай ідэнтыфікацыі знойдзеных чалавечых парэшткаў. Паўтара году мінула з таго часу, як была агучаная інфармацыя пра разрабаваныя чорнымі капальнікамі пахаваньні, але ўлады не сьпяшаюцца афіцыйна абвясьціць, хто і пры якіх акалічнасьцях быў забіты ў лесе. Паводле актывістаў, гэткае стаўленьне ўладаў мяжуе з наўмысным утойваньнем праўды пра сталінскія злачынствы.
У той самы час, як сьцьвярджаюць сябры ініцыятывы «Хайсы», амаль тры дзясяткі сьведкаў зь вёсак Хайсы, Дрыкольле і гораду Віцебску адназначна суадносяць згаданыя пахаваньні з даваенным пэрыядам. Аднак ніводнае дзяржаўнае ведамства ня хоча зважаць на гэтую акалічнасьць. Зыходзячы з фармальных падставаў, яны заяўляюць, што асобы, якім перад вайной было недзе ад пяці да шаснаццаці гадоў, ня могуць быць сьведкамі тых падзеяў.
Паводле грамадзкіх актывістаў, цяперашняя талака стала чарговым крокам у справе аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці і паважлівага стаўленьня да сваіх продкаў, асабліва да іх пакутніцкай сьмерці. Удзельнікі талакі адзначаюць, што зьдзек з ахвяраў сталінізму, якія знайшлі сваё апошняе прыстанішча ў лесе пад Хайсамі, расьцягнуўся на восем дзесяцігодзьдзяў: спачатку іх гвалтоўна пазбавілі жыцьця; затым іхныя пахаваньні былі разрабаваныя, а параскіданыя па лесе іх парэшткі нікога не цікавілі, а пасьля працы пошукавага батальёну і наогул былі перавезеныя ў невядомае месца. Калі чалавечыя парэшткі будуць пахаваныя, пакуль застаецца толькі здагадвацца.
Вось як тлумачаць некаторыя з удзельнікаў талакі сваю прысутнасьць на ёй.
Кажа спадарыня Алена: «Я тут таму, што гэта тычыцца мяне непасрэдна. Тут могуць ляжаць і мае дзядуля з бабуляй, якія былі рэпрэсаваныя. Мая маці нават перад сьмерцю не пазнаёміла нас з акалічнасьцямі іх жыцьця. Гэтая тэма была закрытай у нашай сям'і, хаця мама вельмі любіла распавядаць пра іншых нашых продкаў. Вось наколькі моцны быў страх, закладзены сталінізмам у глыбіні сьвядомасьці людзей таго пакаленьня. І таму я сюды прыйшла, бо хто ведае, мо менавіта тут яны і ляжаць? Цяпер у Віцебску ёсьць могілкі нават для сабак, дзе іх хаваюць па-людзку і ўсталёўваюць помнікі. Да жывёлаў ставяцца лепей, чымся тады ставіліся да людзей. І пра гэта трэба ведаць і нагадваць іншым».
Спадарыня Тацяна: «Мяне прывяло сюды пачуцьцё адказнасьці. Адказнасьці і за тое, што было калісьці, і за тое, што адбываецца зараз. Зьбіраючы вось гэтыя косткі, кладучы іх у труну, аддаючы іх зямлі, я ўвесь час думала: «Здаецца, як хрысьціянка, я мушу дараваць зробленае сталінскімі катамі», але маё сэрца кажа: Не! Дараваць такое немагчыма. Колькі жыцьцяў, колькі космасу, колькі нязьдзейсьненых мараў ляжаць у гэтым лесе! І нашчадкі сталінскай зграі ня хочуць прызнаваць гэтае месца месцам ахвяраў палітычных рэпрэсіяў! Трэба разумець: пакуль яны не пакаюцца за свае злачынствы, дараваньня ім ня будзе! Ім не даруюць ні Бог, ні людзі».
Спадар Уладзімер: «Гэтай тэмай я цікаўлюся даўно. Чатыры гады таму я быў у Катыні. На мітынг, які праводзілі прадстаўнікі расейскай улады, царквы, працаўнікі Катынскага музэю, можна было даехаць на аўтобусе бясплатна. Чаму не зрабіць гэтаксама і ў нас? У Смаленску за часы рэпрэсіяў расстралялі больш за сем тысяч грамадзян. Гэтая інфармацыя не хаваецца. Улічваючы падабенства перадваеннага Віцебску і Смаленску, можна казаць пра падобную колькасьць ахвяраў рэпрэсіяў, пахаваных у ваколіцах Віцебску. Чаму ў такім разе яны ня могуць ляжаць тут?»
Спадар Леанід: «Я прыйшоў на гэта месца, каб аддаць даніну памяці тым людзям, якія загінулі ад рук сталіністаў, бо цень сталінізму дагэтуль вісіць над нашай краінай. І гэта даволі трывожны знак. Кожны, хто гэта разумее, мусіць дзейнічаць і нагадваць пра магчымую небясьпеку. Трэба разумець, што бяспамяцтва і ўтойваньне праўды толькі павялічваюць магчымую пагрозу рэпрэсіяў да палітычных апанэнтаў любой улады...»
https://vitebsk.dns.army/news/akcyi/item/1328-napyaredadni-radaunitsy-syabry-initsyyatyvy-khajsy-zladzili-talaku-fota#sigProId9018b576a3
С. Горкі