Субота, 24 Лістапад 2012

“ГейБеларусь” праінфармавала віцебчукоў наконт гамафобіі (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Віцебску адбылася інфармацыйная сустрэча праваабарончага праекту “ГейБеларусь”. З прычыны бясьпекі сустрэча ладзілася ў закрытым рэжыме. Але здымачнай групе парталу Dyjalog.info дазволілі ладзіць відэаздымкі - з умовай, што ў поле зроку відэакамэры ня трапяць тыя, хто хоча захаваць сваю ананімнасьць.

Таму ў відэарэпартажы пра мерапрыемства няма кадраў з удзелам шараговых удзельнікаў сустрэчы, якіх было нямала.

Старшыня “ГейБеларусі” Сяргей Андросенка распавёў прысутным пра гісторыю ЛГБТ-супольнасьці ў Беларусі, пра арганізацыю, якую ён узначальвае, пра праблемы, зь якімі ЛГБТ-грамада сутыкаецца, і падзяліўся плянамі на будучыню.

Сустрэча ў Віцебску адбылася ў межах мерапрыемстваў, што праходзяць па ўсёй краіне. Гэтыя імпрэзы прымеркаваныя да даты 20 лістапада - дня, прысьвечанага памяці трансгендараў, забітых на глебе ксэнафобіі. У гэты дзень праваабарончыя, жаночыя і ЛГБТ-арганізацыі сьвету ладзяць дэманстрацыі, лекцыі, сэмінары і жалобныя шэсьці у памяць забітых на глебе ксэнафобіі.

Дыялёг.інфо