У раённай акцыі бралі ўдзел дактары і сьвятары каталіцкай і праваслаўнай канфэсіі. Асноўная аўдыторыя – старшаклясьнікі школ і навучэнцы Глыбоцкага дзяржпрафліцэю.
17 кастрычніка сьвятары наведалі першую і другую гарадзкія школы, дзе з прамовамі зьвярнуліся да старшаклясьнікаў. Праваслаўны сьвятар Сяргей Грамыка асобна спыніўся на тэме сям’і і мацярынства, а каталіцкі ксёндз Мікалай Ціхановіч засяродзіў увагу моладзі на тэме «Сэксуальнасьць у хрысьціянскім сьветапоглядзе».
«Насамрэч гэта нейкая праблема – казаць пра сэкс і хрысьціянства – перш за ўсё таму, што ў нашай культуры з ужо вызначанай хрысьціянскай традыцыяй размовы пра сэкс не віталіся ў царкоўных і рэлігійных колах. У словах Езуса, якія дайшлі да нас, на гэтую тэму гаворыцца вельмі мала. І, тым ня менш, пытаньні сэксуальных паводзінаў і маралі працягваюць турбаваць ня толькі царкоўных гіерархаў, але і ў цэлым усё наша грамадзтва», – адзначыў ксёндз Мікалай.
У школах была прадстаўленая выстава «Ратуй узятых на сьмерць», арганізаваная каардынацыйным цэнтрам абароны жыцьця і сямейных каштоўнасьцяў «Зараджэньне» Полацкай епархіі.
18 кастрычніка адбылася сустрэча навучэнцаў Глыбоцкага дзяржпрафліцэю з дырэктарам дабрачыннай фундацыі ў абарону жыцьця і сямʼі «Адкрытыя сэрцы» Іванам Пузанавым, які прадэманстраваў тэматычную выставу «Два шляхі» з 20 рол-стэндаў. На стэндах былі прадстаўленыя дэмаграфічныя праблемы сучаснага сьвету, трагедыя адмовы ад нараджэньня дзяцей, шкода кантрацэпцыі і абортаў для духоўнага і фізычнага здароўя мужа і жонкі. Стэнды арыентавалі слухачоў на цнатлівасьць, натуральнае і гарманічнае сужэнства, заснаванае на любові і ўзаемапавазе.
Потым адбылася сустрэча з жанчынамі, што працуюць у гарадзкім цэнтры культуры, дзе для іх была арганізаваная выстава і падрыхтаваная мультымэдыйная прэзэнтацыя «Прыгажосьць мацярынства».
Сьвятары з прадстаўнікамі сфэры аховы здароўя наведалі навучальныя ўстановы і сустрэліся з маладымі людзьмі. На заканчэньне акцыі, 20 кастрычніка, адбыўся круглы стол, дзе арганізатары мерапрыемства разам з выступоўцамі падвялі вынікі і абмеркавалі асноўныя пытаньні.
https://vitebsk.dns.army/news/akcyi/item/2034-na-glybochchyne-prajshla-aktsyya-suprats-abortau#sigProId58aeb6cf9f
Марына Сінкевіч, catholicnews.by