Штогадовае наведваньне і ўшанаваньне грамадзянаў, забітых у ваколіцах Віцебску за часамі сталінізму, стала для партыйцаў БНФ ўжо традыцыяй.
29 ліпеня 2007 году за некалькі дзясяткаў мэтраў ад сапраўдных пахаваньняў рэпрэсаваных узбоч шашы Віцебск – мяжа з Расеяй, у 400-х мэтрах ад вёскі Паляі на вялікай паляне быў усталяваны памінальны крыж. Крыж усталяваны ў памяць забітых энкавэдэўцамі грамадзянаў.
У перадваенны час гэтае месца ўваходзіла ў шэраг іншых, прызначаных савецкімі карнікамі для зьнішчэньня асобаў, якіх рэпрэсіўныя органы лічылі небясьпечнымі для сваёй улады.
У той змрочны пэрыяд шматлікія ахвяры віцебскага аддзелу НКВД былі таемна забітыя і пахаваныя ў ваколіцах гораду. Адным з такіх месцаў і былі Паляі. І хаця мэмарыял паўстаў дваццаць пяць гадоў таму, за гэты час ён неаднаразова зьнішчаўся і апаганьваўся невядомымі.
Віцебскія актывісты плянавалі ў гэты дзень прыбраць тэрыторыю мэмарыялу, але на сваё зьдзіўленьне пабачылі добра прыбраную невядомымі паляну. Не ў апошнюю чаргу падтрыманьню чысьціні і парадку на паляне паспрыяла ўсталяваная лясгасам відэакамэра.
Перад сваім ад’ездам прадстаўнікі БНФ запалілі памінальныя знічкі, якія расставілі ў форме крыжа.
https://vitebsk.dns.army/news/akcyi/item/2048-memaryyal-u-palyayakh-navedali-pradstauniki-partyi-bnf#sigProId78fbcbfe97
С. Горкі