Субота, 04 Сакавік 2017

Рух «За свабоду» заклікае апазыцыйныя сілы Віцебску годна адзначыць Дзень Волі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскія актывісты грамадзкага аб’яднаньня «Рух “За свабоду”» абмеркавалі лютаўскія акцыі пратэсту супраць дэкрэту №3, якія адбыліся ў краіне і горадзе, і вызначылі сваё стаўленьне да агульнай палітычнай сытуацыі і фармату ўдзелу ў сьвяткаваньні Дня Волі.

Падчас абмеркаваньня было падкрэсьлена, што нядзельныя мітынгі і шэсьце насілі стыхійны характар. Асобаў, што далі інтэрвію незалежным сродкам масавай інфармацыі і праявілі актыўнасьць, ніяк не назавеш арганізатарамі народных пратэстаў. Па сутнасьці, яны – зьвестуны плошчы, якія агучылі народныя настроі.

Большасьць сябраў руху зьвярнулі ўвагу на тое, што эканамічныя патрабаваньні віцебчукоў спалучаліся з патрабаваньнямі палітычнымі. Мітынгоўцы патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі і амаладжэньня кіроўных кадраў, што ў палітычным аспэкце можна разглядаць, як патрабаваньне датэрміновых і справядлівых выбараў.

Беручы пад увагу, што наступныя акцыі ў краіне анансаваныя на 15 сакавіка і 25 сакавіка (Дзень Волі, прымеркаваны да ўгодкаў утварэння БНР у 1918 годзе), было вырашана выпрацаваць фармат удзелу сябраў руху ў меркаваных імпрэзах. Прысутныя пагадзіліся, што калі падзеі разгортваюцца гэтак шпарка, трэба тэрмінова рэагаваць на іх. Лідэр віцебскіх рухаўцаў Хрыстафор Жаляпаў прапанаваў зьвярнуцца да кіраўнікоў мясцовых структур апазыцыйных партыяў стварыць каардынацыйную раду, у якую запрасіць і актывістаў пратэставых акцыяў.

Свае ідэі ўдзельнікі руху мяркуюць прапанаваць на разгляд сябрам будучай каардынацыйнай рады апазыцыйных сілаў Віцебску.

С. Горкі