Субота, 21 Лістапад 2015

Жыхары Воршы пішуць калектыўную скаргу на бязьдзейнасьць мясцовых чыноўнікаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Справа тычыцца бібліятэкі ў раёне Заходняя. Пачаўся ацяпляльны сэзон, а ў бібліятэцы дагэтуль няма ацяпленьня.

Некалькі гадоў таму будынак старога корпусу школы №14, у якім доўгі час знаходзілася бібліятэка, было разабраная. Пасьля гэтага аддзел культуры зьняў у арэнду памяшканьне былой прамтаварнай крамы прадпрыемства ОРС. Але падчас рамонту жылога дому, у якім знайшла новы прытулак бібліятэка, памяшканьне засталося без батарэяў ацяпленьня і так прастаяла некалькі гадоў.

Восеньню мінулага году праблему адсутнасьці ацяпленьня мясцовыя жыхары ўзьнімалі на калектыўнай сустрэчы з намесьнікам старшыні выканкаму Сяргеем Пацам. Па выніках сустрэчы летась за подпісам Паца прыйшоў пісьмовы адказ, што для бібліятэкі закупленыя батарэі і ў тэрмін да 15 студзеня 2015 году яны будуць змантаваныя. Але сытуацыя не зьмянілася. Улетку гэтага году ў яшчэ адным адказе з выканкаму было напісана, што ОРС робіць праект устаноўкі ацяпленьня. Але сытуацыя зноў не зьмянілася.

У сувязі з гэтым актыўныя жыхары раёну распачалі збор подпісаў пад калектыўнай скаргай да чыноўнікаў абласнога ўзроўню. У скарзе канстатуецца, што аршанскія ўлады за некалькі гадоў так і не змаглі вырашыць дробную для ўзроўню ўсяго Аршанскага раёна праблему, а ў лістах давалі абяцаньні, якія не выконваліся. Таму жыхары раёну просяць паспрыяць вырашэньню праблемы на абласным узроўні.

Крыніца: Орша.eu