Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі тэматычную кніжную выставу, наведнікам дэманстравалі фотаздымкі, зробленыя падчас знаходжання «абмежаванага кантынгенту» на вайне ў чужой краіне, гучалі «афганскія» песні. Прыкладна ў такім самым антуражы раней праводзіліся імпрэзы, прысвечаныя Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, які адзначаюць 15-га лютага. Гэта сімвалічная дата, бо 15 лютага 1989 г. быў скончаны вывад савецкіх войскаў. А вось дзень увядзення вайсковых частак для ўдзелу ў вайне на чужой тэрыторыі ў Віцебску адзначалі ўпершыню.
Для Віцебска памяць пра афганскую вайну вельмі балючая. У ліку тых, каго першымі накіравалі, як тады фармулявалася, на «выкананне інтэрнацыянальнага абавязку», былі вайскоўцы віцебскай 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі і лётчыкі 339-га палка ваенна-транспартнай авіяцыі, якая знаходзілася на тэрыторыі Віцебшчыны. За час баявых дзеянняў у Афганістане загінулі 160 ураджэнцаў Віцебшчыны, і ў пазнейшы час больш як 1300 жыхароў вобласці памерлі ад наступстваў – ад ран і хваробаў, каля 150-ці чалавек на сённяшні дзень зʼяўляюцца інвалідамі з прычыны вайны ў Афганістане.
У постсавецкі час гэтую вайну назвалі «Апакаліпсісам ХХ стагоддзя», і гістарычная трактоўка, што да ўдзелу савецкіх войск як вымушанай неабходнасці, дагэтуль застаецца неадназначнай. А на фоне расейскага ўварвання і ваенных падзеяў ва Украіне зварот да «афганскай» тэмы ўвогуле выглядае правакацыйна.
Паводле старшыні абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева, сёння ў справе патрыятычнага выхавання на змену героям Вялікай Айчыннай вайны павінны прыйсці «ветэраны Афгана», а сучасныя школьнікі мусяць «імкнуцца быць падобнымі да іх». Гэтая словы прагучалі ў мінулы дзень памяці загінулых у Афганістане. Цяпер, падобна, віцебскія ўлады імкнуцца запачаткаваць новую традыцыю – адзначаць не толькі канец, але і пачатак удзелу беларусаў у чужой вайне.
Вячаслаў Белавусаў