Аналізуючы статыстыку адказаў, гарадская газета «Віцьбічы» не ўдакладняе ўзрост, палавую прыналежнасць і прафесійны статус удзельнікаў апытання. Затое спрабуе пераканаць, што страхі і апасенні гараджан не маюць пад сабой падставаў або наяўныя праблемы ўжо вырашаюцца на ўзроўні абласных рэспубліканскіх уладаў. Выглядаюць гэтыя спробы супакоіць людзей часам проста смешна, а часам нават абразліва.
Так, віцяблянам, якіх турбуе падзенне ўзроўню прыбыткаў, адказваюць, сярэднямесячны сярэдні заробак у горадзе няўхільна расце – праўда, без канкрэтыкі, у якіх галінах і на колькі. Таксама гараджанам цвердзяць, што ў Віцебску сярэдні ўзровень аплаты працы параўнальны з Магілёвам, хаця і саступае іншым абласным цэнтрам. Нагадваюць і пра тое, што дзяржава клапоціцца пра рост пенсій, які нібыта перавышае рост інфляцыі.
Што да занепакоенасці ростам коштаў у крамах, то жыхарам Віцебску расказваюць пра нядаўна ўведзены кантроль цэнаў. І, канстатуючы рост коштаў на харчовыя тавары, у тым ліку першай неабходнасці, віцяблян суцяшаюць стабільнасцю на рынку прамысловых тавараў. Увогуле ж занепакоенасць падаражэннем усяго, што купляецца ў краме штодня, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Мішын называе традыцыйным страхам спажыўца, на якога дзейнічае ўсведамленне сусветных эканамічных тэндэнцый.
Аднак беларуская стабільнасць, падобна, існуе адасоблена ад усяго свету. І жыхароў Віцебску спрабуюць пераканаць, што ім няма чаго баяцца дзякуючы клопатам улады. Тых, каго трывожыць нестабільная праца прадпрыемстваў і адсутнасць працоўных месцаў з годнымі заробкамі, супакойваюць бліскучымі перспектывамі прамысловага развіцця Віцебшчыны. Цягам 2023 г. у Віцебску абяцаюць рэалізаваць шэраг інвестыцыйных праектаў, якія закрануць прадпрыемствы «Витебские ковры», «Витьба» і «Полимерконструкции». А таксама суцяшаюць планамі будаўніцтва заводу па вытворчасці гідраўлічных машын і новага цэху на базе «Прамысловай групы «Адаман»… Верыць абяцанням у дзяржаўнай прэсе людзі ўжо даўно перасталі, бо на практыцы атрымліваецца, што планы найчасцей не спраўджваюцца праз банальную адсутнасць сродкаў. А няспынны рост фіксуецца толькі ў лічбах сярэдніх заробкаў, дзе вызначальнымі з’яўляюцца паказнікі акладаў начальства, а не шэраговых працаўнікоў.
Станіслаў Іваноўскі