Аўторак, 06 Чэрвень 2023

Сярэднявечны асветнік Васіль Цяпінскі і «Белая Русь»: што да чаго?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Усім раённым цэнтрам Віцебшчыны загадана мець сваё «брэндавае свята». У Глыбокім, да прыкладу, гэта «Вішнёвы фэст», у Гарадку – імпрэза ў гонар аўтара паэмы «Тарас на Парнасе» Канстанціна Вераніцына. У Чашніках таксама вырашылі ўшанаваць славутага земляка – Васіля Цяпінскага-Амельяновіча, сярэднявечнага гуманіста-асветніка, пісьменніка і кнігавыдаўца, які нарадзіўся каля 1530 г. у мястэчку Цяпіна (цяпер вёска за 6 км ад райцэнтру). Праўда, ушанаванне культурніцкага дзеяча часоў ВКЛ ператварылі ў ідэалагічны вінегрэт, каб раённаму начальству было прасцей даць справаздачу пра патрыятычнае выхаванне ў рэгіёне.

Пра тое, як у мінулыя выходныя ў Чашніках праводзілі «Фэст Васіля Цяпінскага», выразна сведчыць фотарэпартаж, які размясціла мясцовая газета «Чырвоны прамень». Асабліва ўражваюць здымкі касцюміраванага шэсця, удзельнікі якога прайшлі па райцэнтры ў майках з выявамі галоўнага героя, дзяржаўнымі беларускімі сцяжкамі, чырвонымі і зялёнымі надзіманымі шарыкамі ды ў «фірмовых» шаліках з надпісам «Белая Русь». У першых шэрагах ішоў «сам» Васіль Цяпінскі – як не цяжка здагадацца, наш сучаснік, апрануты ў касцюм, пашыты паводле адзінай вядомай выявы асветніка і пісьменніка, датаваны 1578г.

Адмыслоўцы выказваюць сумнёвы адносна таго, ці насамрэч гэта выява Васіля Цяпінскага. Аднак на партрэце яўна паказаны чалавек у тагачасным адзенні – даламане ці кунтушы і ў арыгінальным галаўным уборы – невысокім мяккім капелюшы з палямі. Невядома чаму, але ў Чашніках вырашылі, што Васіль Цяпінскі насіў картуз – убор накшталт фуражкі з казырком. І правялі конкурс «Картуз Васіля» для майстроў па саломапляценні, хаця традыцыйна картузы ў 16-м стагоддзі шылі з тканіны ці скуры. І зусім ужо малаверагоднай выглядае прыдумка, што шляхціч Васіль Цяпінскі насіў сялянскі ўбор з саломы...

Не цяжка здагадацца, якія яшчэ імпрэзы былі ў праграме фестывалю: кірмаш рамесніцкіх вырабаў, спартовыя пляцоўкі, выступ аркестру духавых інструментаў і канцэрт мясцовай самадзейнасці ды заезджых «зорак». Дарэчы, сёлета жыхароў райцэнтру запрасілі на выступленне скандальна вядомых сясцёр Груздзевых – жаночага дуэту, вядомы не столькі сваёй творчасцю, колькі антыбеларускімі выказваннямі і прыхільнасцю да інтэграцыі з Расеяй.

Што ж было ўласна беларускага падчас імпрэзы, прысвечанай чалавеку, які працягваў гуманістычныя і культурна-асветніцкія традыцыі Францыска Скарыны і быў паплечнікам Сымона Буднага, укладаючы свой талент у асвету землякоў? Ды практычна нічога. Толькі ізноў гучалі абяцанні стварыць варты гонару турыстычны аб“ект на малой радзіме выбітнага дзеяча – у вёсцы Цяпіна, дзе ў 1570-я гады існавала друкарня Васіля Цяпінскага-Амельяновіча. Пакуль памяць пра яго тут захоўваецца выключна сіламі мясцовых энтузіястаў, якія добраўпарадкавалі крыніцу на ўскрайку вёскі і навакольную тэрыторыю. Летась каля Цяпінскай школы з“явіўся памятны камень з мемарыяльнай таблічкай. На гэтым пакуль усё. Імпрэзу, якія мусіла б быць данінай удзячнасці нашчадкаў, і тую ператварылі ў казённае ідэалагічнае мерапрыемства.

Лявон Каляда