Пятніца, 20 Сакавік 2015

У Віцебску прайшло грамадзкае абмеркаваньне наконт высечкі дрэваў ля бібліятэкі імя Леніна

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Мерапрыемства адбылося 13 сакавіка побач з будынкам, на дварэ, з удзелам каля 30 чалавек. Грамадзкае абмеркаваньне выклікала ў горадзе вялікі рэзананс і шмат пытаньняў. Найперш, так і засталося незразумелым, хто быў ініцыятарам. Каардынатар грамадзкага аб’яднаньня “Экапраект” Галіна Пілавец то цьвердзіла, што арганізоўвалі яе грамадзкія актывісты, то спасылалася на гарвыканкам.

За ўдзельнікамі дыскусіі назіралі каля дзясятку супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку Аляксандар Каліноўскі – начальнік аддзелу аховы правапарадку МУС Віцебскага аблвыканкаму. Увага з боку праваахоўных органаў зьвязаная найперш з тым, што жыхары Віцебску зь вялікім абурэньнем сустракаюць кожную ініцыятыву, якая тычыцца зьнішчэньня зялёных насаджэньняў. А грамадзкае абмеркаваньне якраз і тычылася высечкі 4-х дрэваў і 2-х кустоў бэзу каля бібліятэкі.

Асабліва шмат незадавальненьня жыхары гораду выказалі ў 2009 годзе, калі на загад тагачаснага старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца была праведзеная рэканструкцыя плошчы Перамогі, падчас якой зьнішчылі парк з рэдкімі дрэвамі. Віцебчукі дагэтуль папракаюць улады за ліквідаваную зялёную зону. Згадвалі пра гэта і падчас цяперашняга абмеркаваньня – дарэчы, першага ў Віцебску: раней высечкі дрэваў у знакавых месцах Віцебску не абмяркоўваліся ні разу.

Людзі канстатавалі: зьнішчэньне зялёных насаджэньняў працягваецца і цяпер, прычым ня так далёка ад бібліятэкі – каля рэстарацыі “Журавінка”. Але ні “Экапраект”, ні гарвыканкам абмеркаваньняў ня ладзіў. Дарэчы, на адкрытую крытыку жыхары Віцебску адважыліся пасьля таго, як пераканаліся, што ніхто ня будзе фіксаваць іх прозьвішчы. Бо напярэдадні на афіцыйным сайце гарвыканкаму зьявілася аб’ява, што на абмеркаваньне будуць пускаць толькі пры наяўнасьці пашпарту. Гэтая акалічнасьць шмат каго стрымала ад удзелу ў абмеркаваньні. Да ўсяго, і ладзілася яно ў нязручны час – а 10-й раніцы ў працоўны дзень.

Адна з удзельніц агучыла меркаваньне, зь якім пагадзіліся многія прысутныя: у Віцебску добраўпарадкаваньнем занадта часта называюць менавіта высечку дрэваў і пасадку новых, на якія выдаткоўваюцца грашовыя сродкі, замест таго, каб захоўваць тыя, што ўжо пасаджаныя. Засталося незразумелым таксама, да якой высновы прыйшлі ўдзельнікі абмеркаваньня. Не было ні галасаваньня, ні ўліку думак асобных жыхароў – мерапрыемства, здаецца, правялі “для галачкі”.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"