5 лістапада ў сьвеце праходзіла кампанія “Станем за журналістыку”, якая ладзілася з ініцыятывы Міжнароднай і Эўрапейскай фэдэрацыяў журналістаў ужо сёмы год запар. Да гэтай даты журналісты ва ўсім сьвеце звычайна ладзяць сяброўскія сустрэчы, прэзэнтацыі, сэмінары і г.д. для ўзмацненьня салідарнасьці і ўзаемапаразуменьня паміж журналістамі. Супольнае фатаграфаваньне – гэта адзін з самых распаўсюджаных спосабаў адзначыць гэтую дату, які шырока практыкуецца журналістамі ва ўсім сьвеце.
Судзіць як за “несанкцыянаваную акцыю” за фотасэсію на фоне гарадзкой сьцяны – гэта анэкдатычная сытуацыя, якая была б вартая жалю, калі б не адбівалася на лёсах канкрэтных людзей. Фотасэсія праводзілася ў прыктычна бязьлюдным месцы – каля будынку, зачыненага на рэстаўрацыю, які да таго ж знаходзіцца ня ў цэнтры гораду. На правядзеньне фотасэсіі ня трэба падаваць заяўку як на правядзеньне масавай акцыі: фотасэсія ня лічыцца масавай акцыяй паводле Закону аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь. Аднак міліцыя расцаніла паводзіны ўдзельнікаў фотасэсіі менавіта як “пікетаваньне”. Удзельнікі фотасэсіі катэгарычна ня згодныя з такой трактоўкай іх дзеяньняў.
ЭФЖ і ГА “БАЖ” таксама пратэстуюць з гэтай нагоды і заклікаюць:
– Аддзел аховы правапарадку і прафіляктыкі АУС Чыгуначнага раёну Віцебску і асабіста яго начальніка Аляксандра Рыбакова – тэрмінова адклікаць пратаколы, складзеныя ў дачыненьні да ўдзельнікаў фотасэсіі.
– УУС Віцебскага аблвыканкаму і асабіста намесьніка начальніка ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі УУС Аляксандра Каліноўскага – тэрмінова адклікаць з АУС Чыгуначнага раёну Віцебску распараджэньне аб прыцягненьні да адказнасьці ўдзельнікаў вулічнай фотасэсіі.
– Суд, у які могуць паступіць пратаколы пра ўдзел гэтых людзей у “несанкцыянаванай акцыі”, – аб’ектыўна і ўсебакова ацаніць іх справы і вынесьці рашэньні, заснаваныя на законе і здаровым сэнсе.
Зацьверджана Праўленьнем ГА “БАЖ” 25.11.2014 г.
Падтрымана Генэральным сакратаром ЭФЖ Рыкарда Гуціэрасам (Ricardo Gutierrez) і Дырэктаркай ЭФЖ Рэнатай Шродэр (Renate Schroeder).
P.S.: 26 лістапада тэкст адкрытага ліста быў адпраўлены ва УУС Віцебскага аблвыканкаму і ў аддзел аховы правапарадку і прафіляктыкі АУС Чыгуначнага раёну Віцебску.