Пятніца, 17 Снежань 2021

Да Таццяны Севярынец прыходзілі «тэатралы» з Кастрычніцкага РАУС Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Супрацоўнікаў міліцыі цікавіла, ці наведвае актывістка тэатральныя пастаноўкі віцебскага тэатру імя Якуба Коласа, ці яна глядзела спектакль «Ціль», што быў зняты з рэпертуару адразу пасля прэм’еры 21-га лістапада. А таксама ці не брала яна ўдзел у «партызанскай» акцыі салідарнасці са звольненым дырэктарам і акторамі, якія страцілі працу пасля ўдзелу ў пастаноўцы, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя. 

Афіцыйнай прычыны, чаму спектакль «Ціль» быў зняты з рэпертуару, шырокай публіцы не паведамляюць. Ёсць меркаванне, што чыноўнікам не спадабаўся радок з песні «Жыве Фландрыя!», якая гучала са сцэны.

Неўзабаве пасля з’яўлення інфармацыі пра звальненне дырэктара тэатру Аляксандра Старых і некалькіх актораў, у інтэрнэце з’явіліся фотаздымкі з акцыі салідарнасці: людзі ў масках з бел-чырвона-белымі сцягамі трымаюць плакат з тымі самымі словамі «Жыве Фландрыя!»

Літаратурнай асновай для п’есы «Ціль» быў вядомы раман бельгійскага пісьменніка Шарля дэ Кастэра «Легенда пра Уленшпігеля». Гэты твор расказвае пра барацьбу фламандцаў супраць іспанскага валадарства ў XVI стагоддзі, якая завяршылася вызваленнем сучасных Нідэрландаў. Верагодна, цяперашнія чыноўнікі ўбачылі ў пастаноўцы паралелі з сённяшняй палітычнай сітуацыяй у Беларусі.