«Я атрымаў такое задавальненьне ад зносінаў з калегамі, кіраўнікамі зь Беларусі, - падзяліўся ўражаньнямі расейскі парлямэнтар. - Ня ў прыклад некаторым нашым суседзям, якія, на жаль, ставяцца да памяці і перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне некалькі па-іншаму, тут народ шчыра перажывае і вельмі рыхтуецца да гэтага мерапрыемства».
«Вельмі цікава тое, што яны ўважліва сочаць за нашымі эканамічнымі і сацыяльнымі посьпехамі, праблемамі. Старшыня аблвыканкаму Віцебскай вобласьці даў вельмі высокую ацэнку разьвіцьцю Пскоўскай вобласьці», - сказаў дэпутат суседняй краіны.
«Сустрэча была актыўная. Гэта і своеасаблівы ўрок патрыятызму. Мы чулі падтрымку дзеяньням нашага прэзыдэнта, ураду з нагоды Крыму і Ўкраіны. Нашы суседзі з намі салідарныя», - сказаў на заканчэньне пскоўскі парлямэнтар.
28 красавіка ў Пскоўскай вобласьці з працоўным візытам знаходзілася дэлегацыя зь Віцебскай вобласьці на чале з Аляксандрам Косінцам. Падчас сустрэч з удзелам часова выконваючага абавязкі губэрнатара Андрэя Турчака абмяркоўваліся пытаньні далейшага двухбаковага супрацоўніцтва, у прыватнасьці, падрыхтоўкі да 55-й сустрэчы на Кургане дружбы, якая адбудзецца ў ліпені.
Крыніца: Хартыя'97