Арыштаваныя ў тым ліку грашовыя сродкі, аўтамабіль, катэдж у Лепельскім раёне Віцебскай вобласьці і іншая маёмасьць.
На пачатку сакавіка Сьледчым камітэтам была распачатая крымінальная справа ў дачыненьні да намесьніка гендырэктара РУП “Віцебскэнэрга” па фактах злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі на ранейшым месцы працы. Падставай паслужылі матэрыялы праверкі, праведзенай УБЭЗ упраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму і Віцебскага раённага аддзелу ўнутраных спраў.
Сьледзтвам было выяўлена, што абвінавачваны, працуючы на пасадзе дырэктара аграрнага прадпрыемства Віцебскай вобласьці, выкарыстаў у асабістых мэтах сродкі і будматэрыялы, якія прызначаліся для рэканструкцыі аб’ектаў прадпрыемства. Падрадная кампанія, якая выконвала будаўніча-мантажныя работы на прадпрыемстве, адначасова ўзводзіла асабісты катэдж службовай асобы за кошт сродкаў і будматэрыялаў, якія прызначаліся для аб’ектаў прадпрыемства. Апрача таго, у рамках дамовы з прадпрыемствам абвінавачваны падпісаў дакумэнты аб прымяненьні павышальнага каэфіцыенту выплат будаўнічай арганізацыі з фондаў прадпрыемства.
У выніку неправамерных дзеяньняў дырэктара аграрнаму прадпрыемству нанесеная шкода ў асабліва буйным памеры — больш за 10 млрд. рублёў.
Службовай асобе выстаўленае абвінавачваньне ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 424 КК). У сакавіку была канфіскаваная маёмасьць абвінавачванага амаль на 600 млн. рублёў. Прымененая мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту.
Крыніца: БелаПАН