Пытаньні далейшага функцыянаваньня аднаго з прадпрыемстваў трыкатажнай галіны - ААТ “Клясыка індустрыі моды” (Віцебскае ААТ “КІМ”) былі разгледжаныя 5 чэрвеня на паседжаньні Савету міністраў Беларусі пад старшынствам прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча. Як паведамляе прэс-служба ўраду, у цяперашні час ААТ “КІМ” знаходзіцца ў складаным фінансава-эканамічным становішчы. “Асноўнай прычынай стратнасьці прадпрыемства зьяўляюцца нізкія аб’ёмы вытворчасьці з-за наяўнасьці даўгавых забавязаньняў, што не дазваляе своечасова закупляць сыравіну, фарбавальнікі, хімікаты, разьлічыцца за паліўна-энэргетычныя рэсурсы”, - адзначаецца ў паведамленьні.
Пад старшынствам Мясьніковіча “былі абмеркаваныя пакрокавая арганізацыйна-структурная стратэгія разьвіцьця прадпрыемства і меры яго эканамічнага аздараўленьня”. Найбольш прымальным варыянтам названа ўваходжаньне ААТ “КІМ” у трыкатажны холдынг, які мяркуецца ўтварыць на базе ААТ “Свiтанак”. Разгледжаная прапанова па перадачы ў давернае кіраваньне кіруючай кампаніі пакету акцыяў Віцебскага ААТ “КІМ”, якія належаць Рэспубліцы Беларусь. Холдынг павінен разглядацца як адзіны маёмасны комплекс. Далейшае функцыянаваньне трыкатажных прадпрыемстваў плянуецца з прыцягненьнем інвэстараў.
Крыніца: UDF.by