Па прадпрыемствах Віцебскага раёну рассылаецца распараджэньне старшыні Віцебскага райвыканкаму Руслана Фурашова аб правядзеньні 13 красавіка раённага суботніка. Копія дакумэнту зьявілася ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». Згодна зь ім арганізацыі Віцебскага раёну павінны да 16 красавіка падаць у раённы выканаўчы камітэт інфармацыю аб праведзенай працы, а да 1 чэрвеня - пералічыць заробленыя на суботніку сродкі на разьліковы рахунак фінансавага аддзелу райвыканкаму.
Атрыманыя грошы, як гаворыцца ў распараджэньні, пойдуць на куплю легкавога аўтамабіля для аддзелу ўнутраных спраў райвыканкаму, добраўпарадкаваньне раёну, забесьпячэньне жыцьцядзейнасьці насельніцтва раёну і іншыя мэты, якія вызначаныя рашэньнямі райвыканкаму. Інфармацыя аб правядзеньні суботніка павінна быць разьмешчаная на інфармацыйных стэндах сельскіх выканаўчых камітэтаў і арганізацыяў Віцебскага раёну.
Крыніца: Народныя навіны Віцебска