Серада, 09 Снежань 2015

Сям’я зь Віцебску дамаглася кампэнсацыі ад міліцыі за несапраўдны пашпарт і сапсаваны адпачынак

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Падчас пашпартнага кантролю ў аэрапорце памежнікі канфіскавалі дакумэнт 2-гадовага маляняці, яго сям'я не змагла паляцець на адпачынак, змарнаваўшы час, нэрвы і грошы. Высьветлілася, што віцебская міліцыя выдала дзіцяці несапраўдны пашпарт. Сужэнцы зь Віцебску вырашылі адстойваць свае правы на кампэнсацыю. І ім гэта ўдалося.

13 кастрычніка па заяве Кацярыны віцебская міліцыя распачала службовую праверку наконт факту інцыдэнту. Таксама муж і жонка пабывалі на прыёме ў пракурора гораду: «Ён нас падтрымаў і параіў зьвяртацца ў суд, бо закон на нашым баку. Узяў на кантроль службовае расьсьледаваньне».

Праз 10 дзён Кацярына і Максім атрымалі адказ з РАУС. У ім гаварылася, што «падчас службовай праверкі ўстаноўлены факт неналежнага выкананьня службовых абавязкаў з боку супрацоўніка аддзяленьня па грамадзянстве і міграцыі АУС адміністрацыі Першамайскага раёну г. Віцебску». Для вырашэньня пытаньня аб кампэнсацыі нанесенай матэрыяльнай шкоды сужэнцам рэкамендавалі зьвярнуцца ў суд.

Гэтак яны і зрабілі: зьвярнуліся з пазоўнай заявай, у адказьнікі заклікалі АУС Першамайскага раёну Віцебску і, у прыватнасьці, аддзяленьне па грамадзянстве і міграцыі. 3 сьнежня адбылося судовае паседжаньне.

– Прысутнічалі прадстаўнікі УУС, РАУС, упраўленьня па грамадзянстве і міграцыі УУС і раённага АГіМ Першамайскага раёну Віцебску. Мы зрабілі справаздачу за кожную выдаткаваную праз гэты інцыдэнт капейчыну. Суд прызнаў віну аддзяленьня па грамадзянстве і міграцыі АУС Першамайскага раёну. Кампэнсаваць нашы выдаткі міліцыя не адмаўлялася, пазоў часткова прызнала. У выніку намі ў судзе было падпісанае міравое пагадненьне, – распавяла Кацярына.

Выдаткі, да якіх спрычынілася гэтая непрыемная сытуацыя, сужэнцы ацанілі ў крыху больш за 13 мільёнаў рублёў: сям'я была пазбаўленая двух дзён пражываньня і адпачынку ў гатэлі, мела выдаткі на паўторную паездку ў аэрапорт на асабістым аўтамабілі, куплю новых авіябілетаў, паўторнай аплаты трансфэру ад аэрапорту да гатэлю. Выплацяць ж ім трохі менш: суд адмовіў у кампэнсацыі сумы, выдаткаванай на стаянку ў аэрапорце, і, з улікам тэхнічных характарыстык аўтамабіля, на 90 тысяч скараціў выдаткі на паліва на паўторную паездку ў аэрапорт.

Усе грошы ад віцебскай міліцыі сям'я мусіць атрымаць да канца студзеня 2016 году.

Ці панясе пакараньне канкрэтная службовая асоба, якая ўчыніла гэтую памылку, вырашыць яе начальства, патлумачыў у судзе прадстаўнік УУС Віцебскай вобласьці.

Кацярына лічыць сытуацыю, што здарылася, важным досьведам для сябе і іншых – і вельмі ўсьцешаная, што гісторыя завяршылася менавіта так.

– Людзі многія [на форуме] вінавацілі мяне, але цяпер мы ведаем, што рупіцца пра правільнае афармленьне пашпарту грамадзяніна РБ – гэта ўсё ж такі абавязак кампэтэнтных органаў, а не грамадзяніна. Усе людзі дапускаюць памылкі. Але ж у кожнай памылкі ёсьць кошт – і яго трэба плаціць. Усё ж цяпер, з такім досьведам, і мы самі будзем правяраць кожную літару пры атрыманьні кожнага дакумэнту.

Крыніца: Тут.бай