Чацвер, 17 Лістапад 2016

У Віцебскай вобласьці назіраецца рост карупцыйных злачынстваў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Па выніках дзевяці месяцаў на Віцебшчыне зарэгістравана 148 карупцыйных злачынстваў, што на 22,3% больш у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага годау.

З пачатку 2016-га ў Беларусі дзейнічае новая рэдакцыя закону «Аб барацьбе з карупцыяй», які ня толькі папярэджвае многія карупцыйныя праявы, але і ліквідуе прагалы ў нарматворчасьці, асабліва падчас расьсьледаваньня злачынстваў у сфэры дзяржаўнага кіраваньня і эканомікі. Ня дзіўна, што паводле інфармацыі пракуратуры вобласьці, у структуры карупцыйнай злачыннасьці па-ранейшаму пераважаюць хабарніцтва і крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.

За студзень-верасень за карупцыю да крымінальнай адказнасьці прыцягнута 106 чалавек, што амаль у два разы больш, чым летась (59). Прычым большасьць карупцыянэраў атрымалі рэальныя тэрміны зьняволеньня.

Напрыклад, былы галоўны інжынэр прадпрыемства аўтасэрвісу і гандлю, які браў «падзякі» за дапамогу пры праходжаньні дзяржтэхагляду, асуджаны да чатырох гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай на працягу пяці гадоў займаць кіруючыя пасады.

Статыстыка сьведчыць, што найбольшая колькасьць карупцыйных злачынстваў зарэгістраваная ў сфэры гандлю (29), на транспарце (28), у галіне сельскагаспадарчай вытворчасьці (17). У сфэры дзяржаўнага кіраваньня зьдзейсьнена 8 злачынстваў, супрацоўнікамі праваахоўных органаў - 5.

Матэрыяльная страта ад карупцыі склала звыш 660 тысяч дэнамінаваных рублёў, 64% з гэтай сумы кампэнсавана.

Аляксандар Кутынка, vitvesti.by