Прэзыдэнт краіны прызначыў Леаніда Пянькоўскага на пасаду старшыні Аршанскага выканкаму 12 траўня 2017 году. А праз 10 дзён Аляксандар Лукашэнка даў даручэньне кіраўніку СК разабрацца, чаму да чыноўніка сілавікі ўрываюцца ў хату.
«Хто даў права да чалавека, узгодненага да прызначэньня прэзыдэнтам, урывацца ў дом? Бо для таго каб праваахоўным органам нават весьці нейкія расьсьледаваньні па чалавеку, які ўваходзіць у кадравы рэестар прэзыдэнта, трэба згода прэзыдэнта», – абурыўся Аляксандар Лукашэнка.
Пазьней у адміністрацыі прэзыдэнта распавялі акалічнасьці інцыдэнту: «Інцыдэнт адбыўся на мінулым тыдні. Як вынікае з тлумачэньняў старшыні райвыканкаму (Леаніда Пянькоўскага), у выніку знаходжаньня ў хваравітым стане некаторы час ён не выходзіў на сувязь. Прадстаўнікі праваахоўных структур праніклі ў дом, дзе знаходзіўся Леанід Пянькоўскі, з мэтай высьвятленьня яго месцазнаходжаньня. Старшыня райвыканкаму ў той момант знаходзіўся па месцы пражываньня сваякоў у горадзе Воршы», – распавялі ў адміністрацыі.
На пасадзе старшыні Аршанскага райвыканкаму Леанід Пянькоўскі прапрацаваў менш за тры месяцы. Пра яго новае прызначэньне не паведамлялася. Цяпер стала вядома, што ён узначальвае ЗАТ «АСБ – Агра Наватар» у Бешанковіцкім раёне, адкуль і прыйшоў у крэсла кіраўніка Аршаншчыны.
Аляксандр Пазьняк, які прыйшоў на зьмену Пянькоўскаму, – ужо таксама былы старшыня Аршанскага райвыканкаму, ён адхілены ад пасады на загад прэзыдэнта.
«Пазьняка – адправіць у адстаўку і знайсьці яму іншую працу», – запатрабаваў кіраўнік дзяржавы 14 жніўня падчас нарады па комплексным разьвіцьці Аршанскага раёну. Прэзыдэнт застаўся незадаволены ходам выкананьня яго даручэньняў па разьвіцьці гораду і раёну.
Разьвіцьцём Аршанскага рэгіёну цяпер займаецца Ігар Ісачанка. Да гэтага ён займаў пасаду старшыні камітэту па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкаму.