«Апошнім часам на інтэрнэт-рэсурсах разьмяшчаюцца допісы з рознымі меркаваньнямі грамадзян пра арганізацыю працы гандлёвых аб'ектаў на тэрыторыі набярэжнай ракі Віцьба», - гаворыцца ў паведамленьні на сайце Віцебскага гарвыканкаму.
Гарадзкія ўлады запрашаюць усіх ахвотных узяць удзел у абмеркаваньні гэтага пытаньня, якое адбудзецца 6 ліпеня а 10:00 у актавай залі адміністрацыі Кастрычніцкага раёну (Смаленская вуліца, 9).
Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады пайшлі насустрач жыхарам і абмежавалі продаж сьпіртнога ў зоне адпачынку на Віцьбе толькі слабаалькагольнымі напоямі. Аднак сёлета моцнае сьпіртное вярнулася ў месца сямейнага адпачынку.
Пад электроннай пэтыцыяй пра вяртаньне забароны гандлю алькаголем у паркавай зоне па берагах Віцьбы на цяперашні момант падпісалася 416 чалавек.
Паводле дадзеных абласной пракуратуры сёлета рост злачынстваў, учыненых у стане алькагольнага ап'яненьня, на тэрыторыі Віцебскай вобласьці склаў 35,6% - з 611 выпадкаў за аналягічны пэрыяд 2018 году да 829. За пяць месяцаў 2019 году 48% забойстваў былі зьдзейсьненыя п'янымі.
https://vitebsk.dns.army/news/dzjarzhava/item/3250-ulady-prapanuyuts-abmerkavats-gandal-alkagolem-u-zone-adpachynku-na-vitsbe#sigProId7d3e50cd3e
Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc, фота аўтара