Першы зварот у гарадскую пракуратуру Віцебска і Галоўнае ўпраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама быў накіраваны яшчэ 30 траўня. У звароце паведамлялася аб працяглым нерэагаванні на шматлікія заяўкі, пададзеныя ў кол-цэнтр «115.бел» наконт стану праезнай часткі і тратуараў у дварах названых дамоў.
6 ліпеня быў атрыманы адказ з Вітгарвыканкама, за подпісам намесніка старшыні Саглаева, у якім указвалася, што ямачны рамонт на названых прыдамавых тэрыторыях выкананы. І сапраўды жыхарамі былі заўважаны выпраўленні шэрагу буйных недахопаў, а менавіта ям і выбоін.
Аднак, праз тры месяцы, на месцы залатаных ям і выбоін утварыліся новыя, з яшчэ большымі памерамі. Да ўсяго, факты кажуць пра тое, што ў разбураным стане знаходзяцца і тратуары, хада па іх спалучаная з шэрагам цяжкасцяў для маламабільных грамадзян
«Камфортнай язду па такой дарозе называць не даводзіцца. А дрэнны стан дарогі наносіць шкоду транспартным сродкам, якія знаходзяцца ва ўласнасці грамадзян, прадпрыемстваў і дзяржавы. Таму, дарожнае пакрыццё трэба ў тэрміновым парадку адрамантаваць» - пракаментаваў сітуацыю адзін з жыхароў мікрараёна "Поўдзень-4".
Таму падпісанты звароту патрабуюць ад уладаў правесці праверку фактаў нездавальняючага стану дарожнага пакрыцця, прыняць меры па яго рамонце, знайсці вінаватых у вытворчасці работ па папярэднім ямачным рамонце і пакараць іх за няякаснае выкананне дарожных прац.
Віталь Кажух