З гэтай нагоды Уладзімір Пярцоў настойліва параіў кіраўнікам больш уважліва паставіцца да кадравага пытання ў рэдакцыях, дзе павінны працаваць правераныя людзі з выразнай грамадзянскай пазіцыяй. На думку міністра, адным з прыярытэтных кірункаў працы СМІ павінна быць развіццё інтэрнэт-журналістыкі і супрацьстаянне «уплыву дэструктыўных сацыяльных медыяў» на падлеткаў і ўвогуле на маладое пакаленне грамадзян Беларусі. Пры гэтым Пярцоў заўважыў, што пад уплыў экстрэмісцкіх медыя-рэсурсаў час ад часу трапляюць і журналісты дзяржаўных выданняў, што з’яўляецца недапушчальным.
Уладзімір Пярцоў распавёў таксама пра планы стварэння медыяхолдынгу Саюзнай дзяржавы, да працы ў якім плануюць прыцягваць і рэгіянальных журналістаў.
Паказальна, што за час пасля візіту міністра інфармацыі ў газеце «Новополоцк сегодня» не выйшла ніводнага артыкула хаця б з мінімальным адценнем крытыкі гарадскога жыцця. Сярод навінаў прэвалююць тэксты з паведамленнем пра дзейнасць дзяржаўных прафсаюзаў, поспехі ў эканоміцы і ідэалагічнае выхаванне.
Міхась Хмара