Субота, 28 Студзень 2023

На Віцебшчыне будзе падвышаны кантроль за ахвотнымі ўладкавацца ў міліцыю

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Падчас пасяджэння Калегіі МУС Віцебскага  аблвыканкаму, якое прайшло ў абласным цэнтры 27 студзеня,  прысутны на імпрэзе міністр унутраных справаў Іван Кубракоў заявіў пра неабходнасць  больш пільнага кантролю за асобамі, якія хочуць навучацца ў профільных установах адукацыі. Бо пасля падзеяў 2020г. мелі месца шматлікія выпадкі, калі супрацоўнікі звальняліся з сілавых структур на знак нязгоды з вынікамі мінулых прэзідэнцкіх выбараў. А таксама збіралі асабістыя дадзеныя сваіх калегаў і перадавалі іх для апублікавання.

Міністр  падкрэсліў, што на дадзеным этапе важна падтрымліваць памкненне грамадзянаў паступіць на працу ў сілавыя структуры. Але ў  дачыненні да ахвотных стаць міліцыянтамі мусіць правадзіцца пільная праверка. З другога боку, калі чалавека ўжо ўзялі на працу, то для яго трэба стварыць максімальна камфортныя  працоўныя  ўмовы. Таму трэба праводзіць рамонты ў раённых аддзелах міліцыі і ўзводзіць новыя будынкі для забеспячэння плённый дзейнасці супрацоўнікаў.   Асобны клопат мусіць быць пра падтрымку сем’яў міліцыянтаў, і  таму сёлета на навагоднія святы для дзяцей  супрацоўнікаў міліцыі у Віцебску ладзілі асобны, адмысловы «ранішнік».

Кіраўнік МУС адзначыў, што адной з першачарговых задачаў з’яўляецца і асабістая бяспека супрацоўнікаў міліцыі. Нягледзячы на тое, што апошнія не заўсёды якасна спраўляюцца са сваімі прафесійнымі абавязкамі: на Віцебшчыне  актуальнымі застаюцца  пытанні супрацьдзеяння махлярствам, незаконнаму абароту наркатычных рэчываў, карупцыйных злачынстваў і злачынстваў у аграпрамысловым комплексе.

Таццяна Віктарава