Спецыялісты тлумачаць, што толькі капітальнага рамонту ў Віцебскай вобласці патрабуюць 16 працэнтаў дарог ад агульнай працягласці, або больш як 480 кіламетраў. Бягучага рамонту, які прадухіліць інтэнсіўны знос пакрыцця і развіццё дэфектаў розных элементаў дарожнага палатна, чакаюць 35 % дарог. На сёння з-за паскоранага разбурэння больш як 1,1 тыс. км дарог (38%) маюць абмежаванні па нагрузцы на вось транспартнага сродку да 6 тон.
На абслугоўванні ў РУП "Віцебскаўтадар" знаходзяцца каля 3 тысяч кіламетраў аўтамабільных дарог рэспубліканскага значэння. У іх склад уваходзяць 358 маставых збудаванняў, працягласць якіх перавышае 14 тысяч метраў.
У гэтым годзе на ўтрыманне, бягучы і капітальны рамонты, рэканструкцыю і будаўніцтва дарог Віцебскай вобласці з рэспубліканскага дарожнага фонду выдзелена 116,7 мільёнаў беларускіх рублёў. З іх на капітальны рамонт улады збіраюцца выдаткаваць 27 мільёнаў рублёў, на бягучы – амаль 20 мільёнаў рублёў.
Як паведамляе РУП "Віцебскаўтадар", сярод участкаў, работа над якімі будзе весціся сёлета, - гэта дарогі Р46, Р22, М1/Е 30 і мост цераз раку Свячанка на аўтадарозе М3 Мінск - Віцебск.
Інга Сташэўская