Але ў сваю чаргу “раёнка” паведамляе, што на гэтым фоне колькасць занятага ў эканоміцы Браслаўскага раёна насельніцтва за студзень - кастрычнік 2022 года склала 8637 чалавек, што на 127 менш, чым у аналагічным супастаўным перыядзе 2021 года.
Па стане на канец мінулага года колькасць грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку ў браслаўскай службе занятасці па пытанні працаўладкавання, склала 15 чалавек. Усяго садзейнічанне ў працаўладкаванні, як паведамляюць браслаўскія ўлады, аказана 308 грамадзянам, у тым ліку 181 беспрацоўнаму.
У першую чаргу ўлады аператыўна вырашаюць пытанні з працаўладкаваннем тых асобаў, якія абавязаныя кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Што не навіна, так робяць па ўсёй Беларусі, гэтай катэгорыі грамадзян прасцей за ўсё ўладкавацца на працу, вось толькі не ўсе з іх добра працуюць, часам робяць прагулы ды іншае. На Браслаўшчыне за 11 месяцаў 2022 года працаўладкавалі 11 такіх абавязаных асоб, у тым ліку пяцёра - у лік броні.
На прафесійнае навучанне "пад заказ наймальніка" і за кошт сродкаў бюджэту браслаўскі ўлады накіравалі ўсяго толькі 7 беспрацоўных.
Да ўдзелу ў грамадскіх работах у 2022 годзе ўлады прыцягнулі 51 беспрацоўнага. Гэта на азеляненне, бягучы рамонт і добраўпарадкаванне тэрыторый 9 сельсаветаў і асобных устаноў. Як паведаміла “раёнка”, за гэтую працу людзям заплацілі, толькі колькі не паведамляецца, але зразумела, што няшмат.
"Дынамічнае развіццё рэальнага сектара эканомікі, яго фінансавая стабільнасць спрыяюць павышэнню жыццёвага ўзроўню насельніцтва і яго даходаў", – заявіў кіраўнік Браслава Вячаслаў Грышчанка.
Улады рэпартуюць, што за студзень-кастрычнік 2022 года сярэднямесячная заработная плата па Браслаўскім раёне ў цэлым перавысіла 1112 рублёў, што складае каля 397 даляраў па цяперашняму курсу.
Таксама “раёнка” публікуе дзяржаўную статыстыку сярэдняга заробку на Браслаўшчыне ў розных сферах дзейнасці: бюджэтная сфера - 1065,7 рубля (каля 380 даляраў); сельская гаспадарка - 859,7 рубля (306 даляраў); прамысловасць - 1 007,1 рубля (360 даляраў); гандаль - 1 117,9 рубля (398 даляраў); будаўніцтва - 1184 рубля (422 даляры). Па гэтых лічбах бачна, што ні ў адной з усіх сфераў дзейнасці заробак на Браслаўшыне не дацягвае да 500 даляраў.
І далей браслаўскія ўлады справаздачацца, што арганізацый з узроўнем сярэднямесячнай заработнай платы ніжэй за 500 рублёў у раёне няма.
І гэта, відаць, цяпер сапраўды дасягненне. Куды ўжо ніжэй. А раней улады Беларусі абяцалі ўсім працоўным па 500 даляраў і нават замахваліся на 1000. І да чаго прыйшлі ў рэшце рэшт на фоне лозунга пра “квітнеючую, стабільную і мірную” Беларусь?
Інга Сташэўская