Серада, 08 Сакавік 2023

«Выхаванне патрыятызму» не стала панацэяй ад росту правапарушэнняў у падлеткавым асяродку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Наваполацку правялі пашыранае пасяджэнне дырэктараў школ, дзе падводзілі вынікі выхаваўчай працы за мінулы год. Дырэктары трымалі справаздачу, як ва ўстановах адукацыі праходзілі мерапрыемствы да мінулага Году гістарычнай памяці. Былі агучаны лічбы, колькі прайшло «урачыстых мерапрыемстваў з абавязковым выкананнем гімна і падняццем дзяржаўнага сцяга», засведчана, што ў кожнай школе з’явіліся стэнды, прысвечаныя генацыду беларускага народу, а ў перспектыве маюць з’явіцца музейныя пакоі і экспазіцыі на гэтую тэматыку.

Здавалася б, фармаванне юных асобаў ідзе ў патрэбным накірунку – усе вучні ахоплены патрыятычным выхаваннем і з кожным разам падчас выканання гімну расце іхная грамадзянская свядомасць… Але эфект аказаўся не зусім той, на які разлічвалі.

Начальнік аддзела па адукацыі Наваполацкага гарвыканкама Петр Апановіч мусіў зазначыць, што вучні сярэдніх школ неаднаразова былі затрыманы за распіццё спіртовых напояў на вуліцы, за з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах і за прагулянкі ў начны час без суправаджэння дарослых. Прычым колькасць такіх правапарушэнняў за мінулы год вырасла ў два з паловай разы. Спадар Апановіч загадаў неадкладна заняцца прафілактычнай працай у гэтым накірунку і падвысіць эфектыўнасць міжведамаснага праекту «Будучыня без правапарушэнняў».

Прысутны на пасяджэнні дырэктараў школ намеснік старшыні Наваполацкага гарвыканкаму Андрэй Адзіночкін парэкамендаваў «не перастарацца ў накірунку патрыятычнага выхавання вучняў». Цытуючы словы чыноўніка, газета «Новополоцк сегодня» не тлумачыць, што мелася на ўвазе. Але выглядае, што спадар Адзіночкін выдатна разумее, што патрыятычнае выхаванне ператварылася ў працу «для галачкі», і не аказвае практычнага ўплыву на падлеткаў, якія адчуваюць дэкларатыўнасць і няшчырасць у арганізацыі напышлівых імпрэзаў. Насаджэнне «патрыятычнага выхавання» дзеля справаздачаў павінна быць знаёма сучасным чыноўнікам з савецкіх часоў, калі яно было выключна фармальным, а за парогам школы чакала «нефармальнае», але сапраўднае жыццё.

Міхась Хмара