Нядзеля, 19 Красавік 2015

Перад «Дажынкамі» людзі будуць па трое сутак сядзець без электрычнасьці

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Улады Талачынскага раёну вырашылі, што за грошы на падрыхтоўку да сёлетняга абласнога «сельскагаспадарчага сьвята» трэба выправіць адным махам усё, што не рэканструявалася дзесяцігодзьдзямі.

 

Напрыклад, ліквідаваць такія даўнія праблемы Талачына, як зношанасьць высакавольтных лініяў. І работы ў гэтым кірунку чакаюцца настолькі глябальныя, што насельнікі шасьці вуліц разам з вакольнымі завулкамі будуць вымушаныя па некалькі дзён – аж да трох сутак – жыць без электрычнасьці.

Празь мясцовую газэту «Наша Талачыншчына» жыхароў райцэнтру папярэджваюць, каб яны чакалі аб’яваў пра тэрміны адключэньняў і «загадзя паклапаціліся пра месцы захоўваньня прадуктаў», каб тыя не сапсаваліся. Адпаведна, некаторым талачынцам давядзецца на пэўны час застацца без тэлебачаньня, інтэрнэту, магчымасьці скарыстацца пральнай машынай ды іншымі бытавымі прыборамі ды правесьці колькі вечароў упоцемках. Зразумела, такія пэрспэктывы нікога ня цешаць, асабліва сем’і з малымі дзецьмі.

Усяго да абласных «Дажынак» зьбіраюцца адрамантаваць 95 аб’ектаў у Талачыне – гэта і дзіцячыя ўстановы, і раённы Дом культуры, дзе будуць праходзіць «дажыначныя» сьвяткаваньні, і пункты грамадзкага харчаваньня, і некалькі прадпрыемстваў.

Штаб падрыхтоўкі да «Дажынак», сфармаваны з абласнога і раённага кіраўніцтва, быў вымушаны канстатаваць, што вялікіх сродкаў будзе вымагаць рамонт дарог, якога тут не бывала гадамі. Таксама чыноўнікі ўжо прызнаюць, што да восені дарабіць усе аб’екты, можа, і ня ўдасца – на некаторых сёлета заплянавана толькі распачаць рэканструкцыю. І што на добраўпарадкаваньне жылога сэктару, асабліва далей ад цэнтру Талачына, фінансавых сродкаў яўна ня хопіць.

Крыніца: Радыё Свабода