Нядзеля, 11 Чэрвень 2023

У Віцебску зноўку вярнуліся да ідэі пабудаваць копію полацкага Сафійскага сабора

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Гэтая ідэя двойчы з трэскам правальвалася. Першы раз, у 2016 годзе, жыхарам Віцебску ўдалося абараніць парк, які збіраліся вырубіць дзеля будаўніцтва. Другі раз, у 2021 годзе, калі пад копію сабора была абраная іншая пляцоўка – на ўзбярэжжы Дзвіны непадалёк ад гандлёвага дома «Беларусь», справа дайшла толькі да ўстаноўкі памятнага знака на месцы будучага будаўніцтва. Як высветлілася, ініцыятары не мелі належнага фінансавання , аднак цяпер, падобна, грошы знайшліся.

Жыхароў Віцебску з 21 чэрвеня запрашаюць на грамадскае абмеркаванне справаздачы аб уздзеянні будаўніцтва на навакольнае асяроддзе. Ніхто чарговы раз не спытаўся ў людзей, ці патрэбны ў горадзе яшчэ адзін праваслаўны храм, тым болей – копія таго, чаго ў Віцебску ніколі не існавала. Зрэшты, новы аб“ект узводзіцца не дзеля простых вернікаў – для іх цэркваў у горадзе хапае і без таго. У будынку плошчай 3334,71 кв.м. будуць памяшканні для прыёму дэлегацый, трапезная, гардэроб і гд. Такім чынам, гэта будзе найхутчэй офісны будынак, чымсьці месца для малітвы. Але аддалена падобны да полацкай Сафіі, якой яна была да 18-га стагоддзя – па меркаваннях сучасных даследчыкаў.

Міхась Хмара