Аўторак, 13 Чэрвень 2023

Дзяржкантроль выявіў праблемы з кадравым забеспячэннем

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Камітэт дзяржкантролю праверыў, наколькі адпаведна вядзецца праца з кадрамі ва ўстановах вобласці. У сямі раёнах праблемы з кадрамі відавочныя: ёсць шмат незапоўненых вакансій, тады як мелі месца факты звальнення запатрабаваных спецыялістаў. Сярод «лідараў» па праблемах з кадравым забеспячэннем – Сенненскі і Шумілінскі раёны і г. Наваполацк.

Паводле Камітэту дзяржкантролю , у Наваполацку і Шумілінскім раёне дапускаліся звальненні патрэбных спецыялістаў у выніку датэрміновага разрывання кантрактаў і па ўзгадненні бакоў (без удакладнення сітуацыі ў вышэйшых арганізацыях) . У Сенненскім раёне было выяўлена штучнае скарачэнне штатнай колькасці работнікаў, запатрабаваных у сельскай гаспадарцы. Праверка паказала, да прыкладу, што за першы квартал 2023г. У адной з сельскагаспадарчых арганізацый колькасць работнікаў скарацілася на 63 чалавекі. Усе яны сышлі з працы па розных прычынах, у тым ліку і за дысцыплінарныя праступкі. Дзяржкантроль лічыць, што такія масавыя страты работнікаў звязаныя з падзеннем эфектыўнасці працы прадпрыемства, на якім працаваць стала не выгадна.

З недастаткова спрыяльнымі ўмовамі працы і нізкімі заробкамі звязана і тое, што пустымі застаюцца шмат вакансій. На адмысловай калегіі КДК было прапанавана, каб мясцовыя ўлады болей дбалі пра кадравае пытанне на прадпрыемствах. Аднак апошнім часам менавіта мясцовыя ўлады старанна не заўважаюць звальненняў па палітычных прычынах. Прыкладам, калі звальняюць адмыслоўцаў з досведам працы за тое, што яны былі асуджаныя па так званых «палітычных» адміністрацыйных справах. Пасля судоў паводле артыкулаў 24.23 КаАП («несанкцыянаванае пікетаванне») або 19.11 КаАП (распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў) вельмі часта звальняюць работнікаў, не зважаючы ні на іх заслугі перад прадпрыемствам, ні на высокую кваліфікацыю. Прыкладам можа быць масавае звальненне адмыслоўцаў з мясцовай ДРЭС у Навалукомлі: паводле мясцовых жыхароў, «праз палітыку» працу страцілі ад некалькіх дзясяткаў да сотні чалавек.

Лявон Каляда