У якасці станоўчага прыкладу ў гэтым плане кіраўнік рэгіёна прывёў сумесную ініцыятыву па акультурванні пляцоўкі на вуліцы Кастрычніка ў Браславе - паміж будынкам КБА і "Еўраоптам". Тут яшчэ вясной абсталяваны тратуар, выкладзены бардзюры і асфальт. Акуратная тэрыторыя з’явілася на месцы вечнай лужыны. Гэтыя работы праведзены ў складчыну: іх фінансаваў як мясцовы бюджэт, так і пяцёра прадпрымальнікаў, чые аб'екты размешчаны на гэтым невялікім пятачку зямлі. Цікава, што было б з іх бізнесам, калі хтосьці з прадпрымальнікаў адмовіўся б гэта рабіць? Пытанне рытарычнае і большасці беларусаў вядомы адказ на яго.
Як зазначае намеснік старшыні райвыканкама Пётр Бялусь, пры актыўным удзеле мясцовага насельніцтва падтрымліваецца пастаянны парадак на грамадзянскіх могілках і працягваецца азеляненне. Паводле чыноўніка, на Браслаўшчыне ў гэтым сезоне высаджана 681 дрэва і 588 кустоў, уладкавана і адрамантавана 6,1 га газонаў.
Ён кажа, што ў раёне ў мінулым годзе было праведзена 5 суботнікаў у горадзе Браславе і 91 - у сельскіх населеных пунктах. Сёлета браслаўскія ўлады правялі ўжо 2 раённыя суботнікі і адзін рэспубліканскі, у межах якіх наведзены парадак у грамадскіх месцах адпачынку, пафарбаваныя бардзюры, дзіцячыя пляцоўкі, прыбраныя дваровыя тэрыторыі, высаджаны дрэвы і кусты, зроблены клумбы ды іншае.
Але мясцовыя ўлады не спыніліся на адных суботніках, яны яшчэ зрабілі традыцыйнымі для раёна месячнікі па добраўпарадкаванні і азеляненні прыдамавых тэрыторый.
Алеся Вашчанка