Як піша сайт “Міёрскія навіны”, удзельнікі падцягваліся на турніках, кідалі "гранаты", чысцілі бульбу на хуткасць, практыкаваліся ў аказанні першай медыцынскай дапамогі. Навыкі зборкі і разборкі аўтаматаў адпрацоўвалі не толькі хлопцы, але і дзяўчаты.
Фінальным іспытам быў творчы конкурс, дзе школьнікі спявалі расейскія патрыятычныя песні «Кацюша», «Смуглянка». Вядома, беларускіх знайсці цяжка ды і навошта, калі зараз у краіне ўсё беларускае праследуецца, а пануе расейскае.
Як сказала дырэктар навучальнай установы Наталля Будзько, канкурсанты прадэманстравалі найлепшыя якасці абаронцаў Айчыны. Гэта вытрымка, стойкасць, уменне падтрымаць адзін аднаго і здольнасць прыняць крэатыўнае рашэнне.
А ў дзіцячай бібліятэцы горада была праведзеная конкурсна-гульнявая праграма для навучэнцаў шостага класа з СШ №2 ім. Н. Зварына.
“Юныя абаронцы ўдзельнічалі ў конкурсах і інтэлектуальных заданнях. Атрымалася праверыць веды і ўменні кожнага. А для таго, каб стаць сапраўднымі салдатамі, хлопцы дружна зачытвалі ваенную прысягу”, - піша сайт мясцовай раёнкі.
Нічога сабе прыдумалі крэатыў бібліятэкары – зачытваць шасцікласнікам прысягу, мо ўжо трэба адразу з садка рыхтаваць зомбі-людзей, якія будуць з маленства, як толькі пачнуць гаварыць, зачытваць прысягу на вернасць дыктатару.
Конкурсна-забаўляльная праграма адбылася і ў Цэнтры культуры і народнай творчасці. Паводле мясцовага выдання, пяць удзельнікаў конкурсу праявілі свае таленты, сілу і кемлівасць.
Першым "баявым" заданнем была візітная картка. У вершаванай форме хлопцы расказалі пра свае таленты. Пасля прайшлі конкурсы «Прайдзі па балоце», «Механік», «Разведчык», «Лекар», «У тыле».
А ў конкурсе "Адзін на адзін" школьнікі памераліся сіламі ў армрэстлінгу, а кіраваць спаборніцтвамі запрасілі нават ваеннага камісара раёна Сяргея Пунтуса.
Эльвіра Галушка