Ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь праводзіцца праверка баявой гатоўнасці злучэнняў і вайсковых частак, і носіць яна комплексны характар. Для выканання задач у гэтыя вайсковыя часткі і злучэнні прыбылі ваеннаабавязаныя запасу. Піша сайт глыбоцкай раёнкі “Веснік Глыбоччыны”.
Паводле ваеннага камісара Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Сяргея Краснадубскага, з пятніцы мінулага тыдня яны атрымалі загад па закліку і адпраўцы ваеннаабавязаных запасу на праверачныя зборы па баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці ў 19-ю гвардзейскую асобную механізаваную брыгаду (яна месціцца ў Заслонаве, Лепельскага раёна).
“Асаблівасць гэтых збораў у тым, што загад паступіў раптоўна, і мы ў самыя кароткія тэрміны, на працягу 10 гадзін, апавясцілі ваеннаабавязаных і накіравалі іх у вайсковую частку. Хачу адзначыць, што воіны запасу разумеюць значнасць і важнасць мерапрыемстваў. Па апавяшчэнні прыбылі практычна ўсе і накіраваліся для выканання вучэбна-баявых задач", - сказаў Сяргей Краснадубскі.
Як кажа работнік Глыбоцкіх электрычных сетак Васіль Бузо, позву яму ўручылі ў аддзеле кадраў прадпрыемства, дзе ён працуе. Ён ужо трэці раз прымае ўдзел у вайсковых зборах.
“Усе заняткі на палігоне накіраваны на практычнае прымяненне ўменняў і навыкаў, атрыманых у арміі. Вялікая справа вопыт, але, лічу, кожнаму ваеннаабавязанаму трэба перыядычна павышаць кваліфікацыю па ваеннай спецыяльнасці, бо абнаўляецца ваенная тэхніка і ўзбраенне”, - сказаў Васіль Бузо.
Мясцовая раёнка папрасіла падзяліцца і сваім меркаваннем ваеннаабавязанага, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 1 г. Глыбокае імя П.А. Сухога Андрэя Протаса.
Ён адказаў наступнае:
Для мяне, як і для кожнага грамадзяніна ваенная служба - гэта ганаровы абавязак і грамадзянскі абавязак. Таму, атрымаўшы позву, да прызначанага часу з'явіўся ў пункт збору. Кожны вайсковец запасу, абавязаны падтрымліваць свой прафесійны ўзровень, належным чынам мацаваць свой маральна-псіхалагічны дух. Упэўнены, мы з гонарам і годнасцю выканаем усе пастаўленыя перад намі задачы, бо няма нічога больш важнага, чым ахоўваць мір і спакой сваёй Радзімы, сваёй сям'і.
Што іншае можна пачуць ад чалавека, якому і належыць так адказваць, бо прафесія вымагае, а скажы што ты на самой справе думаеш – гэта ў Беларусі пагражае звальненнем.
А вось у астатніх глыбоцкіх ваеннаабавязаных нічога пытацца і не трэба, у іх усё было напісана на тварах падчас таго, калі яны слухалі распаўнелага ваеннага камісара Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Сяргея Краснадубскага. Гэта адлюстроўвае і фота, якое стаіць на сайце “Весніка Глыбочыны”.
Ліка Падабед