Субота, 06 Красавік 2024

У Віцебскай вобласці ўжо дзейнічае 238 платных сацыяльных пунктаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

З-за імклівага старэння насельніцтва ўлады Віцебскай вобласці сёлета плануюць дадаткова адкрыць 18 сацыяльных пунктаў, тады іх агульная колькасць стане роўнай 256-і. Для параўнання ў мінулым, 2023 годзе ў вобласці было адкрыта толькі шэсць стацыянарных сацпунктаў для аказання дапамогі пажылым грамадзянам і інвалідам. Неабходна адзначыць, што сацыяльныя паслугі, якія аказваюцца насельніцтву работнікамі СП носяць платную аснову.

Для прыкладу, згодна з Прэйскурантам платных сацыяльных паслуг, якія аказвае дзяржаўная ўстанова «Наваполацкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» для інвалідаў і пажылых грамадзян непрацаздольнага ўзросту, выглядае так.

Паслуга як «Купля і дастаўка дадому прадуктаў харчавання і прамысловых тавараў першай неабходнасці (на адлегласці пешшу да 500 м.)» абыйдзецца інваліду або пенсіянеру ў 6,14 рублёў, «Вынас смецця (пешшу да 50 м.)» – 1,56 руб., «Мыццё посуду (10 прадметаў)» - 1,20 руб., «Дастаўка лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння (пешшу да 500 м.)» -8,29 руб.

Дзяржава камерцыялізавала дапамогу кліентам і ў духоўнай сферы. Аказанне дапамогі ў наведванні храма, арганізацыя сустрэч і духоўных гутарак са служкамі храма абыдзецца жадаючым у 4 рублі 60 капеек.

Мікіта Карпаў