Чацвер, 12 Сакавік 2015

Гарвыканкам прызнаў парушэньне Закону аб мовах намесьніцай старшыні адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Скаргу на службовую асобу ў Віцебскі гарвыканкам падавалі сябры КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў, Пятро Сарапеня і Алег Емяльянаў. Намесьніца старшыні адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску Вольга Гурчанка адказала на іх заяўку на пікет, складзеную па-беларуску, на расейскай мове. Гэткім чынам, на думку скаржнікаў, чыноўніца парушыла Закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, які патрабуе ад службоўцаў адказваць на мове звароту.

Адказ на скаргу падпісаў намесьнік старшыні гарвыканкаму Дзьмітры Шэрыкаў. Згодна з гэтым адказам, Гурчанка згаданы закон не парушыла. Маўляў, парадак падачы і разгляду заявак на правядзеньне масавых мерапрыемстваў рэгулюецца Законам аб масавых мерапрыемствах, а Закон аб зваротах грамадзян не тычыцца тых зваротаў, у дачыненьні да якіх заканадаўчымі актамі вызначаны адмысловы парадак іх падачы і разгляду.

Тым ня менш гарвыканкам прызнаў, што чыноўніца парушыла іншы закон – аб мовах: «Артыкулам 5 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” гарантавана права грамадзян атрымліваць адказ на зварот на мове звароту. За парушэньне артыкулу 5 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” у дачыненьні да намесьніка кіраўніка Першамайскага раёну г. Віцебску Гурчанкі В.В. будуць прыменены меры дысцыплінарнага характару».

Што гэта за «меры дысцыплінарнага характару» – намесьнік кіраўніка Віцебскага гарвыканкаму не ўдакладніў.