Аўторак, 02 Ліпень 2024

У Оршы абнавілі раённую «Дошку гонару». Але ад амбітнага праекта адмовіліся

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Увосень 2023г. «Аршанская газета» пачала збіраць меркаванні гараджан пра тое, ці не хочуць яны, каб раённая «Дошка гонару» памяняла сваё месца знаходжанне. А заадно і дызайн. Аршанцам прапанавалі ацаніць праектныя выявы, на якіх раённая дошка гонару амаль што паўтарае абласную, усталяваную ў Віцебску на Плошчы Перамогі. Паводле падлікаў партала «Народныя Навіны Віцебска», гэтая канструкцыя абышлася гарадскому бюджэту Віцебска ў 67 тысяч даляраў па курсе 2020 года. Жыхары Оршы абурыліся, бо ў горадзе ёсць шмат праблем, на вырашэнне якіх бракуе фінансавання.

Аршанцы падкрэслівалі, што на цэнтральнай плошчы горада і так шмат розных аб'ектаў: тут і помнік Леніну, і клумбы, і фантаны, і навагодняя ёлка ўзімку... І што сама ідэя пераносіць «Дошку гонару» беспадстаўная.

У выніку яна так і засталася на старым месцы – каля райвыканкама. Праўда, дызайн істотна змяніўся, стаў больш сучасным і прывабным. Ён усё-ткі встотна нагадвае «Дошку гонару» ў Віцебску, але аршанская выглядае больш «душэўна» - на ёй ёсць выявы валошак і беларускага арнаменту. Праўда, гараджанам не паведамілі суму грошай, укладзеную ў абноўлены аб'ект гарадской інфраструктуры.

Ігар Мезін