Субота, 15 Люты 2025

145 інтэрнэт-рэсурсаў летась былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» па заявах органаў пракуратуры Віцебскай вобласці

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Механізм працуе наступным чынам: работнікі пракуратуры займаюцца маніторынгам ў Інтэрнэце, знаходзяць тое, што лічыць «крамолай» і рыхтуюць дакументы ў раённыя суды. Там, як правіла, высновы пракратуры пацвярджаюць і прымаюць рашэнне лічыць той ці іншы рэсурс «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй». Наступны крок – уключэнне рэсурса ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У справаздачы пра сваю дзейнасць у гэтым накірунку пракуратура Віцебскай вобласці паведаміла, што непасрэдна адтуль 24 снежня 2024г. у суд Кастрычніцкага раёна Віцебска пайшла заява наконт прызнання «экстрэмісцкай» старонкі «Гэта Віцебск, дзетка! [Тыповы Віцебск]» у сацсетцы «Укантакце». Гэты рэсурс налічвае больш за 50 тысяч падпісчыкаў. На старонцы «размяшчаліся звесткі, якія супярэчылі нацыянальным інтарэсам Беларусі, у тым ліку тыя, якія раней былі прызнаны судом экстрэмісцкімі матэрыяламі», піша прадстаўніцтва Віцебскай абласной пракуратуры. Па заводле гэтай заявы 14 студзеня 2025 г. інэрнэт-рэсурс быў прызнаны «экстрэмісцкім».

Увогуле за паўтара месяца 2025 года па заявах органаў пракуратуры суды Віцебскай вобласці прызналі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» 30 інфармацыйных рэсурсаў, а таксама афіляваных з імі сацсетак. Да прыкладу, паводле рашэння суда Кастрычніцкага раёна Віцебска ад 10 студзеня «экстрэмісцкімі» быў прызнаны найстарэйшы гарадскі партал «Народныя Навіны Віцебска» разам з сацсеткамі інтэрнэт-выдання. 23 студзеня суд Оршы і Аршанскага раёна пастанавіў лічыць «экстрэмісцкімі» старонку анлайн-выдання «Orsha.Eu» у сацсетцы «ВКонтакте» і старонкі ў сацыяльных сетках ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы», якая займаецца вывучэннем гісторыі сталінскіх рэпрэсій у рэгіёне.

Аліна Мазурава