Аўторак, 08 Красавік 2025

Адкрыццё Плошчы герба і сцяга ў Віцебску запланавалі на 11 траўня

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Нагадаем, што будаўніцтва плошчы ідзе са спазненнем - яе спадзяваліся адкрыць яшчэ ў канцы мінулага года. А калі не атрымалася, то кураўніцтва вобласці  загаварыла пра  перанос адкрыцця "на нейкую прыгожую дату"  сёлета. Цяпер яго прымеркавалі да афіцыйнага свята - Дня дзяржаўнага сцяга, герба і гімна Рэспублікі Беларусь, які адзначаецца ў другую нядзелю траўня. Гэта ўжо абвешчана, а вось кошт укладзеных бюджэтных сродкаў - дагэтуль таямніца. 

Віцебская Плошча герба і сцяга - гарадскі аб'ект, які найбольш часта падпадаў пад крытыку мясцовых жыхароў. Прычына -  выдаткоўванне сродкаў на не самыя актуальныя патрэбы для абласнога цэнтра. Але ніводна заўвага  грамадскасці, што да праекта новай плошчы, не была ўлічана.

Да слова, віцяблянам так і не сказалі, колькі бюджэтных сродкаў укладзена  ў новы аб'ект гарадской інфарсатруктуры.

Але людзі людзі спрабуюць самі падлічыць прыкладныя выдаткі. Так, гарадскі актывіст Дзмітрый Карняенка высветліў, колькі будуць каштаваць асобныя элементы:

-светладыёдныя экраны (1125069,43 рублёў);

-інтэрактыўны стэнд (129520,51 рублёў);

-лаўкі (100 404,72 рублёў);

-урны бетонныя (19890 рублёў);

-урны палімербетонныя (19890 рублёў);

-кашпо бетонныя (54 450,66 рублёў);

-сістэма кіравання вонкавым асвятленнем (12 600 рублёў).

 Адзіная дэталь, якую падкрэсліваюць дзяржаўныя СМІ, - гэта інфармацыя пра тое, што ўласна флагшток для дзяржаўны сцяг Віцебску падарыў мецэнат. І таму, маўляў, гэта бюджэту нічога не каштавала. У адрозненне ад усяго астатняга. Вышыня флагштока складае 69,3 м. Гэта вышэй за 20-павярховы дом, але ніжэй за флагшток у Мінску (для субардынацыі, як падкрэсліў аднойчы старшыня аблвыканкама). Сцяг на ім будзе памерам 7х14 м.

Яшчэ адзін галоўны элемент плошчы - гэта знак з выявай дзяржаўнага герба, які  важыць каля 5 т і каштуе  65 тысяч рублёў. Сам гранітны знак абышоўся ў 80 тысяч рублёў.  Зараз яго ўсталёўваюць на пляцоўцы каля Лядовага палаца, якая пакуль не мае афіцыйнай назвы. Пакуль гэта  «гарадская прастора»:  уласна Плошчай герба і сцяга яе прызнаюць ужо пасля адкрыцця – асобным рашэннем віцебскіх уладаў.

Грошы на стварэнне новага аб'екта гарадской інфраструктуры бяруцца з мясцовага бюджэту. Мы неяк падлічылі, што толькі за тыя сродкі, выдаткаванне якіх агучваецца, можна абсталяваць  каля 400 дзіцячых пляцовак ў Віцебскай вобласці.

Валянцін Конкін