Серада, 28 Студзень 2026

Дэпутат заклікаў школьнікаў з Дуброўна “здымаць рылсы пра тое, як крута ў Беларусі”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Адным з паказнікаў “крутасці” дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Бабічаў лічыць абавязковае размеркаванне. Але негатыўна выказаўся пра тых, хто на першым працоўным месцы спадзяеца атрымаць добры заробак, жытло, і ўсё іншае, што нібыта гарантавана маладому спецыялісту.

Мерапрыемства ў фармаце “адкрытага дыялогу” прайшло ў дубровенскім каледжы, на яго сабралі поўны зал  маладых людзей – ад школьнікаў да працаўнікоў маладзейшага веку. Уладзімір Бабічаў красаваўся: пытаўся ва аўдыторыі, хто сёння рабіў зарадку, хто прытрымліваецца сістэмы здаровага хачавання , і сам першы падымаў руку, пераможна канстататуючы, што такіх людзей у залі няшмат – “толькі 2%”, па ягоных словах.

Дэпутат шмат казаў пра сісітэму размеркавання – пра тое, што гэта важна, каб людзі вярталіся на сваю радзіму, каб не баяліся размеркавання ў райцэнтры і нават аграгарадкі. І казаў пра тое, што жытло, годны заробак павінны атрымліваць тыя, хто гэта заслужыў. Толькі тады чалавека “ заважаць і дадуць добры старт”. Да слова, сам ён нядоўга папрацаваў на радзіме: Бабічаў скончыў універсітэт культуры па спецыяльнасці "Рэжысура народных свят" і  некалькі год адбыў дырэктарам Дубровенскага раённага цэнтра - пакуль не заняў пасаду старшыні абласной арганізацыі БРСМ.  Цяпер у Палаце прадстаўнікоў ён займаецца зусім не культурніцкай праблематыкай - ен чалец австаяннай камісіі па экалогіі і землекарыстанню. А яшчэ - удзельнік рабочых груп па супрацоўніцтву з парламентамі Зімбабве, КНДР і  В’етнама. Аднак цяга да мастацкай самадзейнасці ў ім жыве і дагэтуль: да прыкладу, летась ён прыдумаў для землякоў неіснуючы “народны абрад”.

Вось з дэпутацкімі справамі ўсё ў Бабічава не так добра: ён “гастралюе” па сваёй выбарчай акрузе з матывацыйнымі заклікамі, але землякі не могуць узгадаць ніводнай канкрэтнай вырашанай імі мясцовай праблемы.

Падчас сустрэчы з модаддзю ў Дубровенскім раёне дэпутат заклікаў “здымаць рылсы пра тое, як крута ў Беларусі”. Маладым людзям тут наўрад ці ёсць што сказаць: на Дубровеншчыне засталося ўсяго 7 школ на ўвесь раён ( 2 з іх – у самім Дуброўне)  – у працэсе “аптымізацыі” зачынілі нават тую, якую сканчваў сам Бабічаў.   У раёне ўвогуле штогод змяншаецца колькасць моладзі. Яна з’язжае з Дубровеншчыны, і найчасцей у суседнюю Расію, бо дома няма дзе працаваць. Таму “замацаваць кадры” шляхам абавязковага размеркавання становіцца ўсё цяжэй, дый заклікі “здымаць рылсы пра тое, як крута ў Беларусі” наўрад ці знойдуць водгук у мясцовым моладзевым асароддзі.

Наталля Масквіна