Аўторак, 07 Красавік 2026

Віцебскі дзяржпрапагандыст заклікае “задушыць” YouTube

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Святаслаў Міхайлаў, загадчык інфармацыйна-аналітычнага аддзела абласной газеты «Витебские вести» і былы супрацоўнік аддзела ідэалогіі, назваў відэахостынг YouTube “рупарам заходняй прапаганды”.  Ен заявіў пра гэта ў чарговым відэароліку на Youtube-канале абласной газеты, відавочна не адчуваючы супярэчнасці ў сваіх словах.  На разважанні пра каштоўнасць відэахостынгу Святаслава Міхайлава пацягнула пасля таго, як 3 красавіка беларускія дзяржаўныя СМІ паведамілі, што YouTube выдаліў іх каналы, а менавіта — БелТА, СТБ і АНТ.

Вядучы праграмы   “Вести не молчат” прызнаў, YouTube найбуйнейшай відэаплатформай з самым разнастайным кантэнтам. “Але дзе страхоўка, што заўтра або праз месяц ці год адтуль увогуле не выдаляць увесь беларускі кантэнт?” – задае Міхайлаў рытарычнае пытанне. Паводле яго меркавання, альтэрнатыва YouTube  ужо створана – гэта партал Videobel.by, дзе “сабраны ўвесь мультымедыйны кантэнт вядучых беларускіх СМІ”. І прача гэтага, машляў, беларусам нічога і не патрэбна.

Таму дзяржпрапагандыст  прапануе “зрабіць першы крок самім і заблакаваць YouTube у Беларусі”. Ён лічыць, што такім чынам  можна лёгка “перакрыць кісларод” усім “змагарскім журналістам”, якія “піляць гранты” менавіта на гэтым відэахостынгу.

Цікава, што  кропку гледжання Святаслава Міхайлава абсалютна не падзяляе яшчэ адна мясцовая прапагандыстка – рэдактарка газеты «Витьбичи» Дзіяна Курыла. На яе думку, блакіроўка БелТА, СТБ і АНТ  - гэта “свидетельство силы белорусской журналистики”. І што  “аудитория  белорусских государственных каналов после блокировки только вырастет, ведь люди хотят знать правду”.

Праўда, заблакаваныя дзяржаўныя каналы аптымізму спадарыні рэдактаркі не падзяляюць і беспрэцэдэнтнага росту аўдыторыі не чакаюць. Больш за тое: беларускі тэлеканал СТВ ужо запусціў новы YouTube-канал замест выдаленага.

Аляксей Марозаў