Панядзелак, 10 Жнівень 2026

Асобаў, якія стаяць а ўліку ў КВІ, накіравалі разбіраць закінутыя фермы ў Віцебскім раёне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У крымінальна-выканаўчай інспекцыі гэта назвалі “комплексам мер, направленных на социальную адаптацию граждан, имеющих проблемы с законом”. Пад “комплекс захадаў” патрапілі беспрацоўныя асобы з непагашанай судзімасцю, якія стаяць на ўліку ў Кастрычніцкім і Чыгуначным РАУС. Ім было загадана разбіраць старыя фермы і выносіць будаўнічае смецце – рэшткі бетонных канструкцый - у СПК "Альгоўскае".

Такім чынам міліцыя абяцае вярнуць судзімых раней асобаў “да нармальнага жыцця”, і цвердзіць, што “працатэрапія” дае свае вынікі.

Што паказальна: з гэтымі нібыта паспяховымі вынікамі грамадскасць ніхто ніколі не знаёміў. Статыстыка, колькі грамадзян уладкавалася на працу менавіта пасля такіх “добраахвотна-прымусовых прац”, нідзе не публікавалася.

Затое відавочна іншае: за кошт бясплатных высілкаў гэтых людзей у эканоміцы рэгіёна спрабуюць ліквідаваць “дзіркі”, якія ўтварыліся праз кадравы дэфіцыт. Раней тых, хто стаіць на ўліку ў КВІ, адпраўлялі выконваць працу дворнікаў, цяпер іх змушаюць працаваць у сельскай гаспадарцы. Людзей, якія ўжо панеслі або нясуць прысуджанае пакаранне, па-сутнасці, караюць дадаткова – цяжкай фізічнай працай, якую выконваць больш няма каму. “Клопат” пры тых, каго імкнуцца “вярнуць да нармальнага жыцця”, відавочны: людзей не забяспечылі ні працоўным адзеннем, ні хаця б пальчаткамі ці рукавіцамі.

Андрэй Паліхаў