Чацвер, 14 Ліпень 2016

«Эўрапейцы да адкідаў ставяцца больш ашчадна» – у Віцебску прайшла дыскусія, прысьвечаная адказнаму спажываньню

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Збор і перапрацоўка адкідаў, або адказнае спажываньне – пра гэта казалі ў Віцебску. Тут у абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы пад патранажам «ОДБ Брусэль» (Бэльгія) супольна з «Цэнтрам экалягічных рашэньняў» (Беларусь) прайшла сэктарныя дыскусія, прысьвечаная менавіта гэтай значнай тэме.

Як правільна сартаваць адходы, куды трапляе сьмецьце з паасобных кантэйнэраў, да чаго на сёньня прыйшлі эўрапейцы, і як далёка ад іх знаходзяцца беларусы – пра гэта і не толькі даведаліся віцебчукі ў межах мерапрыемства.

У першую чаргу былі закранутыя заканадаўчыя аспэкты і пытаньні арганізацыі датычна паасобнага збору сьмецьця. Пра гэта распавяла экспэрт у галіне абыходжаньня з адкідамі Вольга Волкава:

– Дзяржаўная палітыка нашай краіны адрозьніваецца ад дзяржпалітыкі па зборы адкідаў іншых краін, у тым ліку і эўрапейскіх, – патлумачыла экспэрт. – У эўрапейцаў яна накіраваная на тое, каб зьнізіць колькасьць адкідаў, што ўтвараюцца, і максымальна павысіць адсотак па іх выкарыстаньні. Усе гэтыя захады, адпаведна, вядуць да таго, што ўплыў на навакольнае асяродзьдзе мінімізуецца.

Што да прынцыпаў, якімі гэтага можна дасягнуць, то адзін з самых эфэктыўных – прынцып пашыранай адказнасьці вытворцаў-імпартэраў (так званы прынцып ПАВ). Інакш кажучы, у адпаведнасьці з гэтым прынцыпам, адказнасьць за абыходжаньне з адкідамі ускладаецца не на таго, у каго ўтварыліся адкіды, а на арганізацыю, імпартэра або вытворцу, які стаў вінаватым у іх утварэньні. У Беларусі гэты прынцып цалкам зацьвердзілі заканадаўча ў жніўні 2012 году (ПАВ у нас – гэта складаная бытавая тэхніка, алей, ртуцезьмяшчальныя лямпы, элемэнты сілкаваньня).

Дарэчы, у адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам, у нашых прадпрыемстваў няма выбару: яны абавязаныя зьбіраць адкіды паасобна. А вось калі казаць пра выдаткі, то дзейнасьць па арганізацыі паасобнага збору адкідаў у насельніцтва значна больш затратная, чымся дзейнасьць па зборы адкідаў у прадпрыемстваў.

Для звычайных грамадзян, якія, напрыклад, у кантэйнэр для шкла кідаюць ня шкло, а, прыкладам, зьмяшаныя адкіды, прадугледжаныя штрафныя санкцыі – ад 5 да 50 базавых. Аднак для гэтага трэба даказаць сам факт (зьняць на камэру і да т.п.).

Можна атрымаць штраф і за пахаваньне ДМР (другасныя матэрыяльныя рэсурсы) на палігонах, бо згодна з законам аб абыходжаньні з адкідамі гэтага рабіць наогул нельга, ні ў якім выглядзе.

Што зроблена ў Беларусі для паасобнага збору сьмецьця? З 2015 году ва ўсіх крамах стаяць кантэйнэры для збору батарэек. Калі гэта буйныя крамы, то яны павінны прымаць і адкіды ўпакоўкі. Калі спэцыялізаваныя, то яны павінны прымаць яшчэ і складаную бытавую тэхніку.

Зьбіраюць адкіды для далейшай іх перапрацоўкі прыёмныя пункты другаснай сыравіны і кантэйнэры. І што тычыцца прыёмных пунктаў, то існуе зялёная карта, якую кожны ахвотны можа знайсьці ў інтэрнэце, дзе падрабязна расьпісана, дзе і якія віды другаснай сыравіны можна здаць.

У Эўропе, напрыклад, як адзначыла Вольга Волкава, наконт паасобнага збору адкідаў працуе дэпазытныя сыстэма на адкіды ўпакоўкі: вось вы прыходзіце ў краму, купляеце ліманад, а на этыкетцы напісана, што кошт пазначаны з улікам дэпазыту, то бок пры вяртаньні бутэлькі ў краме ці праз аўтамат вам вяртаюць грошы. У Беларусі ўжо два гады вядуцца навуковыя працы і развагі наконт таго, як жа нам такую ​​сыстэму ўвесьці ў сябе, у колькі гэта абыдзецца і г.д., але дагэтуль канкрэтнага рашэньня не прынята.

Больш падрабязна пра тое, якія тэндэнцыі існуюць цяпер у Эўропе, распавяла Натальля Блышчык, прадстаўніца «Цэнтру экалягічных рашэньняў». Вось жа, якія тэндэнцыі сёньня пануюць у Эўропе:

– накарміць людзей (у Францыі адкрылася крама, якая прадае прадукты нетаварнага выгляду);

– фудшэрынг (калі ёсьць вялікая лядоўня, куды адзін ставіць, што не даеў, а другі можа гэта ўзяць). Гэты мэтад, як і названы вышэй, досыць эфэктыўны;

– накарміць жывёлаў (у Беларусі гэта праблематычна, бо паводле санітарнага заканадаўства харчовыя арганізацыі ня маюць права аддаваць свае адкіды на корм жывёлам);

– кампаставаньне (у Нямеччыне, напрыклад, гэта вельмі дакладна: асобны кантэйнэр на арганічныя адкіды);

– Атрыманьне біягазу з адкідаў (у нас некаторы час таму таксама пачалі гэта разьвіваць).

Экспэрт таксама зрабіла націск на тое, што Эўропа абвясьціла байкот плястыкавым пакетам. І не выпадкова, бо адкіды ўпакоўкі і шматкампанэнтны плястык, мікраплястык, мэдычныя адкіды і заводы па спальваньні сьмецьця – усё гэта праблемы сусьветнага маштабу.

У нас, вядома, усё ня так крута, як у Эўропе. Па-першае, не такі вялікі досьвед нават у працы па інфармаваньні насельніцтва. Па-другое, толькі пачынае фармавацца такое паняцьце, як стратэгічная экалягічная ацэнка, то бок толькі пачынаюць задумвацца пра ўвесь цыкль вытворчасьці тавару. Аднак цешыць, што ёсьць адказнасьць вытворцы, якая разьвіваецца.

Наконт паасобнага збору і перапрацоўкі адкідаў таксама варта адзначыць, што Беларусь цяпер ідзе па той самай дарозе, па якой некалі ішла Эўропа. Іншае пытаньне: куды ў выніку мы прыйдзем?