Субота, 13 Жнівень 2016

У Беларусь з Расеі прыплыла здохлая рыба

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Дубровенскім раёне на Дняпры была выяўленая загінулая рыба, праінфармавала прэс-сакратар Дзяржінспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце Вольга Грамовіч. Дзяржінспэктары Аршанскай МРІ выехалі па сыгнале, што паступіў на тэлефон даверу, і абсьледавалі ўчастак ракі ад мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй да райцэнтру. Паводле папярэдніх ацэнак, загінулых рачных насельнікаў прынесла цячэньнем з боку Расеі.

Адмыслоўцы лябараторыі аналітычнага кантролю ўзялі пробы вады ў розных пунктах па цячэньні ракі. Узровень кіслароду выявіўся ў некалькі разоў ніжэйшым за норму. Ці прысутнічаюць у вадзе забруджвальныя рэчывы, стане вядома пасьля правядзеньня ўсіх аналізаў.

Начальнік Дубровенскай раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Алег Хадуноў растлумачыў, што першыя мёртвыя тушкі, што плылі па рацэ, былі заўважаныя 7 жніўня, і толькі 9-га ўвечары іх рух спыніўся. Асноўная маса загінулай рыбы, відаць, засталася на дне, таму дакладна падлічыць яе колькасьць немагчыма. Пацярпелі ўсе віды, якія водзяцца ў трансьмежнай воднай артэрыі. Расейскім калегам апэратыўна былі дасланыя запыты, каб высьветліць прычыны таго, што адбываецца.

Намесьнік старшыні Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Пётар Дук, спасылаючыся на адказ расейскіх прыродаахоўных службаў, патлумачыў, што адбылося. Праз моцныя дажджы адбыўся разьліў рэк у вярхоўях Волгі і Дняпра. Вада заліла лугі, дзе расьліны з-за высокай тэмпэратуры пачалі гніць. У выніку ўпаў узровень кіслароду і пачаўся замор рыбы. Падобныя зьявы назіраюцца ня толькі на буйных расейскіх рэках, але і на некаторых водных аб'ектах Ушацкага і Гарадоцкага раёнаў, дадаў экспэрт.

Алёна Яско, sb.by